Пятніца, 03 Ліпень 2015

У Віцебску прайшлі «Барадулінкі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Упершыню ў абласным цэнтры з ініцыятывы віцебскай моладзі і Цэнтру сучаснага мастацтва прайшлі імпрэзы-прысьвячэньні народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. У дворыку дому № 7 па вуліцы Талстога ладзілася шмат культурніцкіх падзеяў гарадзкога маштабу, але такой вялікай колькасьці культурніцкіх праектаў, увасобленых разам, гараджанам бачыць яшчэ не даводзілася.

«Назва „Барадулінкі“ – даніна павагі асобе і творчасьці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Летні маркет „Барадулінкі“ – кірмаш вырабаў маладых майстроў хэнд-мэйду, выступ Андрэя Хадановіча, продаж сувэніраў і кніг, гарадзкая „фотасушка“, „Сьпеўны сход“, канцэрт гурту TonkiXod, паказ лепшых айчынных кароткамэтражак – усё гэта мусіць нагадваць пра асобу нашага земляка і творцы», – кажа каардынатар віцебскай Арт-базы Ўладзімер Булаўскі.

«Барадулінкі» працягваліся з 13:00 і да поўначы 27 чэрвеня. У мінулыя выходныя Віцебск адзначаў Дзень гораду, і вуліца Талстога стала на гэты час сапраўдным цэнтрам беларускага жыцьця.

Некаторыя іншыя сьвяточныя мерапрыемствы пакінулі ў гасьцей гораду і віцебскіх журналістаў даволі сумнае ўражаньне: прыкладам, па цэнтры Віцебску прайшло тэатралізаванае шэсьце, дзе побач праехаліся на конях князь Альгерд, мітычная княгіня Вольга і Аляксандар Неўскі, помнік якому прагнуць усталяваць віцебскія ўлады. А ззаду прайшла калёна «палонных немцаў» пад наглядам «узброеных чырвонаармейцаў», спартоўцы, маладыя ў шлюбных строях і «старыкі Хатабычы» зь піянэрамі ў чырвоных гальштуках.

Крыніца: Радыё Свабода