Распачатыя перад Днём Волі рэпрэсіі працягнуліся і раніцай 25 сакавіка. Коратка падаём хроніку падзеяў, пра якія ўдалося даведацца. Інфармацыя ўзятая са стужак навін інфармацыйных рэсурсаў і з публікацыяў у сацыяльных сетках.
У Полацку позвы ў Сьледчы камітэт на 24 сакавіка атрымалі сама меней 7 актывістаў. Сярод іх прадпрымальнік Генадзь Бердзянёў.
Таксама актывісты з Воршы атрымліваюць позвы ў Сьледчы камітэт. Іх выклікаюць на 25 сакавіка. Позвы атрымалі сябра АГП Станіслаў Храпавіцкі і ўдзельнік руху «За свабоду» Юры Нагорны. Участковы прыходзіў і да Ігара Казьмерчака, але позву ўручыць яму ня змог.
У Барані (Аршанскі раён) міліцыянты шукаюць Генадзя Шэпелева. Падчас акцыі 12 сакавіка ён нёс самы вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Штодня на кватэру актывіста прыходзяць міліцыянты і пытаюць жонку пра яго месцазнаходжаньне.
Былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з Полацку Вольга Дамаскіна напісала ў сваім фэйсбуку: «Вось і да мяне дакацілася гэтая навала. Паехала да мамы. А ўчора і сёньня дахаты прыходзілі міліцыянты – нейкую позву хочуць аддаць, выклікаюць кудысьці. Пужаюць суседзяў, роспытамі хто дзе працуе. Сын кажа: пад вакном стаіць шэрая машына з двума чалавекамі ўнутры. Больш за гадзіну зь яе ніхто не выходзіць. А як пад'ехала гэтая – іншая, якая таксама доўга стаяла, зьехала».
Урэшце спадарыні Вользе ўручылі тры позвы ў СК – на 24, 25, 26 сакавіка. Яна схадзіла – паводле яе словаў, справа тычылася чагосьці неістотнага, сапраўдная мэта была – абмежаваць яе мабільнасьць.
У Чашніках затрыманы актывіст Пётар Ганчарэнка. Ён паспеў напісаць сябру смс, у якім паведаміў, што міліцыя ўжо ў яго, ідзе ператрус.
Увечары быў затрыманы лідэр Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў. Яго адвезьлі ў РАУС, склалі пратакол за тое, што ён нібыта лаяўся матам, і адправілі да панядзелка ў ЦІП. Перад тым у офісе Свабоднага прафсаюзу адбыўся ператрус – шукалі скрадзеныя рэчы.
Полацкі грамадзкі актывіст, юрыст Генадзь Воранаў атрымаў на 25 сакавіка позву ў міліцыю.
Усю раніцу каля дома аршанскага актывіста Віталя Паўлава дзяжураць міліцыянты.
Раніцай актывістку БСДП Тацяну Ладукас выцягнулі з маршруткі на Менск, адвезьлі ў Сьледчы камітэт, а пасьля ў Наваполацкі ГАУС. Прычына затрыманьня: яна нібыта мае позву, каб даць нейкія паказаньні. У атрыманьні позвы яна не распісвалася. Спадарыню Тацяну затрымлівалі і напярэдадні, таксама ня даўшы магчымасьці паехаць у Менск (у яе была забраніраваная маршрутка), а потым людзі ў цывільным пільнавалі яе ўсю ноч.
Наконт позваў Тацяна паведаміла: «Ды ў мяне іх тры. На 24.03 на 15:30, 25.03 на 10:00 і 26.03 на 10:00. Сёньня (24 сакавіка) схадзіла. Прычына была пазначаная так: мой нумар тэлефону знаходзіўся ў геалякацыі месца злачынства (угон аўто)».
Раніцай 25 сакавіка затрымалі полацкага праваабаронцу Юрыя Бельскага, калі ён выходзіў з дому, каб ехаць у Менск. У пастарунку міліцыі яму кажуць нешта пра рабаваньне ў вёсцы Фарынава.
Кастусь Дзьвінскі