Нядзеля, 12 Сакавік 2017

Ворша: 1000 пратэстоўцаў і звыш 20-ці затрыманых

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Акцыя пратэсту ў Воршы Акцыя пратэсту ў Воршы

Найвялікшая ў гісторыі гораду за апошнія дзесяцігодзьдзі акцыя пратэсту адбылася ў Воршы 12 сакавіка. У «Маршы недармаедаў» тут узялі ўдзел звыш тысячы чалавек. Больш за 20 чалавек – арыштаваныя. Затрыманьні пачаліся яшчэ да пачатку акцыі пратэсту. Сярод арыштаваных – незалежныя журналісты і палітычныя дзеячы. Суды над імі адбудуцца 13 сакавіка.

Першы ў храналягічным парадку эпізод, першы «званочак» празьвінеў яшчэ ў пачатку сакавіка, калі на польска-беларускай мяжы абшукалі рэдактара Orsha.eu і сябра партыі БНФ Ігара Казьмерчака. Увечары 6 сакавіка адбыўся ператрус на офісе Кааліцыі дэмакратычных сілаў Воршы, канфіскаваная ўся тэхніка. Затым невядомыя людзі ўскрылі сэйф грамадзкага актывіста, сябра кампаніі «Гавары праўду!» Ігара Грышанава. Аднак, як і чакалася, пік міліцэйскіх аблаваў і затрыманьняў прыйшоўся на дзень 12 сакавіка.

Яшчэ раніцай міліцыянты пагрукалі ў кватэры сябра Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Канстанціна Анташкевіча і незалежнага журналіста Арцёма Сізінцава. На кватэрах праведзеныя ператрусы. Як паведаміў Арцём Сізінцаў, у пастанове на ператрус значылася імя старшага лейтэнанта юстыцыі «Барысёнак С.І.»

Ператрус у Канстанціна Анташкевіча скончыўся крыху раней, у Сізінцава трываў да 12:10, пасьля чаго супрацоўнікі міліцыі дапыталі журналіста па справе фальшываманэтчыкаў, якіх міліцыя ня ў сілах знайсьці ўжо каля 4-х месяцаў, затое «раптам» атрымала «сыгналы» пра імавернасьць знаходжаньня несапраўдных купюраў у дамох грамадзкіх актывістаў і незалежных журналістаў. Супрацоўнікі міліцыі Лаўрушкін і Шыбека, паводле словаў журналіста, паводзіліся культурна, ніякіх пагрозаў у адрас Арцёма Сізінцава не было. Натуральна, ніякіх вынікаў ператрус у кватэры, дзе Арцём пражывае са сваёй маці, ня даў. На патрабаваньне Сізінцава, пратакол допыту вёўся на беларускай мове.

Але не адзінымі ператрусамі міліцыя падрыхтавалася да акцыі пратэсту. Па адрасох, дзе прапісаныя рэдактар Orsha.eu Ігар Казьмярчак, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Ігнаценка і актывіст партыі БНФ Віталь Паўлаў ад самай раніцы дзяжурылі машыны зь «людзьмі ў чорным». На сваёй машыне ранкам быў затрыманы каардынатар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па Воршы Яўген Анішчанка. Такі самы лёс напаткаў і актывіста «Гавары праўду2 Ігара Грышанава. У горадзе Дуброўне таксама быў затрыманы актывіст АГП.


Яўген Анішчанка  

Журналістка naviny.by Адар’я Гуштын паведаміла, што ад Талачына за ёй цікавалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Па прыбыцьці на чыгуначны вакзал Воршы яе і фатографа газэты «Наша Ніва» Сяргея Гудзіліна затрымалі, адабралі пашпарты і адвялі ў пастарунак. Празь нейкі час дазволілі пад канвоем паабедаць. Адпусьцілі іх толькі пасьля сканчэньня акцыі ў цэнтры гораду. Акрамя таго, блякаваным на чыгуначным вакзале Воршы на некаторы час стаўся і журналіст «Народных навінаў Віцебска» Сяржук Серабро.

Сама акцыя сабрала, па некаторых ацэнках, каля 800 чалавек. Людзі згуртаваліся на Цэнтральнай плошчы гораду, і ў гэты самы момант музыка, расейская «папса», стала гучаць з гукаўзмацняльнікаў напоўніцу. Праз пэўны час людзі скіраваліся да будынку Аршанскага райвыканкаму, дзе рашуча заявілі пра свой пратэст уладам краіны, якія замест вырашэньня сацыяльных праблемаў затрымліваюць актывістаў, даюць ім суткі арышту і шматлікія штрафы.

На ганку выканкаму іх сустрэў намесьнік мэра Воршы. Аднак доўга выступаць перад людзьмі Алег Сьмірноўскі не зьбіраўся, нічога ўцямнага людзям не сказаў, акрамя запрашэньня да дыялёгу з часткай грамады ў будынку выканкаму. Але людзі адмовіліся дзяліцца, тым больш ужо было вядома пра затрыманьні і ператрусы. Выступ Сьмірноўскага скончыўся тым, што аршанцы бязьлітасна асьвісталі яго.

Праваабаронца Васіль Берасьнеў прынёс макет «паведамленьня пра аплату падатку на дармаедзтва» і парваў яго пад авацыю Плошчы. Ён даў кантакты юрыстаў незалежнага прафсаюзу РЭП і Хэльсынскага камітэту для тых, каму патрэбая юрыдычная дапамога.

Пасьля акцыі журналісты тэлеканалу «Белсат» паехалі з гораду разам з сустаршынём «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўлам Севярынцам, які ўсё ж здолеў дабрацца да Воршы скрозь узмоцненыя кардоны ДАІ, міліцыі і АМАПу і выступіў перад райвыканкамам, заклікаючы Лукашэнку сыходзіць у адстаўку, пакуль народ не раззлаваўся канчаткова. Але га вуліцы 1 Мая, каля школы № 3 аўтамабіль, у якім аршанец Ігар Нірман вёз Паўла Севярынца, быў спынены супрацоўнікамі міліцыі і ДАІ.

Капітан назваў сваё прозьвішча – «Курган», а ў машыне, якая спыняла актывістаў, было шмат сымболікі суседняй дзяржавы, Расеі.

Капітан Курган – у цэнтры здымку.     

Аўтамабіль, які затрымліваў Паўла Севярынца, абвешаны расейскай сымболікай. У інтарэсах якой дзяржавы працуюць гэтыя людзі ў пагонах?  

Пры гэтым Курган праігнараваў зварот Паўла Севярынца і ня стаў размаўляць з палітыкам на беларускай мове, хаця некаторыя яго калегі ў такіх выпадках, наадварот, дэманструюць уменьне размаўляць мовай беларускага народу. У выніку Паўла Севярынца адвезьлі ў Аршанскі РАУС, таксама затрымалі і апэратара «Белсату» Аляксандра Баразенку, хаця ён прад’явіў свае дакумэнты.

Тады ж зьявілася інфармацыя пра затрыманьне карэспандэнта радыё «Свабода» Галіны Абакунчык. Ужо ў РАУСе была затрыманая карэспандэнтка «Белсату» Кацярына Андрэева. Яна запатрабавала ад супрацоўнікаў, якія выдавалі сябе за міліцыянтаў, прад’явіць пасьведчаньні, аднак яны таго не зрабілі.

Таксама пасьля акцыі затрыманы як мінімум адзін непаўналетні аршанец, на фота, які зрабіла «Наша Ніва», ён з інспектарам па справах непаўналетніх па прозьвішчы Вішнеўскі (міліцыянт у цэнтры здымка, у цёмна-зялёнай куртцы).

У выніку дзеяньняў міліцыянтаў была сарваная анлайн-трансьляцыя сайту Orsha.eu, а наўпроставы этэр тэлеканалу «Белсат» меў вялікія праблемы з трансьляцыяй праз кепскае інтэрнэт-злучэньне. Ёсьць падазрэньне, што мабільныя апэратары на загад сілавікоў «глушылі» сувязь у цэнтры Воршы.

Пасьля акцыі на адным з прыпынкаў быў затрыманы праваабаронца Васіль Берасьнеў.

Акцыя сабрала звыш 1 000 чалавек. Людзі справядліва абураліся, чаму яны павінны плаціць падаткі, калі ўлада ня можа працаўладкаваць іх. Многія аршанцы злыя ад таго, што ў Воршы заводы і фабрыкі стаяць, альбо працуюць не на поўную магутнасьць, праз гэта яны вымушаныя працаваць у Расеі. На акцыі прысутнічалі людзі, чые сваякі былі альбо ашуканыя ў Расеі, альбо зьніклі там або нават былі забітыя. Прысутныя скандавалі «Жыве Беларусь!», «Нет декрету № 3. Лукашенко, уходи», «Далоў халуёў!» і патрабавалі ад Лукашэнкі сысьці ў адстаўку.

17:06 Стала вядома яшчэ пра некаторых затрыманых. У камэрах папярэдняга зьняволеньня знаходзяцца грамадзкія актывісты і журналісты Віктар Міхасёў і Віктар Андрэеў.

17:09 Журналістам Orsha.eu удалося высьветліць: затрыманы непаўналетні хлопец – сапраўды аршанец. Ён ня ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, а займаўся у рэпэтытара. Трапіўся пад «гарачую руку» супрацоўнікам міліцыі.

17:19 Затрыманы журналіст інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

17:26 Яшчэ адно затрыманьне: міліцыянты не адпусьцілі з Воршы блогерку Насту Пілюгіну.

17:32 Ніякіх рэчаў зьняволеным перадаваць не дазваляюць, салідарных просяць пакінуць памяшканьне міліцыі на вуліцы Энгельса. 13 сакавіка аб 11:00 – суд над Ігарам Грышанавым.

17:38 Адзін з жыхароў Воршы, які запісваў «Марш недармаедаў» на сваю камэру, паведамляе ў сацыяльных сетках пра тое, што пасьля акцыі да яго падышлі міліцыянты і ў грубай форме з прымяненьнем нецэнзурнай лексікі спрабавалі адабраць камэру. Ім гэта не ўдалося.

17:42 Да міліцыі ў Воршы практычна немагчыма датэлефанавацца. Слухаўкі не бяруць.

17:46 Як стала вядома, апэратар тэлеканалу «Белсат2 Аляксандар Баразенка атрымаў штраф у 23 рублі і адпушчаны на волю. А вось карэспандэнтцы гэтага ж каналу Кацярыне Андрэевай пагражаюць арыштам на 15 сутак.

17:52 Журналістка naviny.by Адар'я Гуштын у сваім фэйсбуку апавядае пра працу міліцыянта Дзьмітрыя Вішнеўскага. Ён, нібы небясьпечнага злачынцу, затрымаў маладзёна, які проста ішоў да рэпэтытара!

17:55 Пасьля акцыі былі затрыманыя грамадзянскія актывісты з Горак Андрэй Юркоў і Валер Кісялевіч. За імі сачылі да самай машыны, а потым актывісты былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ.

18:04 Вядомы палітвязень Эдуард Пальчыс, які вядзе сайт 1863x.com, выказваецца ў сваім твітэры наконт пратэстаў. У прыватнасьці, кажа: «Ні ў адным горадзе такой жэсьці не было».

18:09 Чытачы Orsha.eu пішуць на ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках: «На некаторых прадпрыемствах Воршы сёньня нечакана абвясьцілі... працоўны дзень! Нават на тых, дзе і ў будныя дні працы мала. Чыста выпадкова?»

18:14 Адзін з супрацоўнікаў згаданага сайту: «Які ж інфармацыйны вадаспад чакае вызваленых з-пад варты потым! Там, у міліцыі, яны зараз хапаюць любую вестку, востры брак інфармацыі. А потым выйдуць – і столькі ўсяго адразу наваліцца. Але выйдуць, і зразумеюць – іх атачае ўсеагульная салідарнасьць. Амаль не засталося зашораных людзей».

18:22 Журналіст Арцём Сізінцаў, які супрацоўнічае з Orsha.eu, у кватэры якога сёньня адбыўся ператрус, у сваім фэйсбуку называе затрыманьні і ператрусы ў Воршы 12 сакавіка ганьбай.

18:29 Блогер Buračok‏ у твітэры піша аб тым, што ўлада фактычна сама правакуе людзей масава выходзіць на Плошчу. У асноўным рукамі Шчоткінай і Шуневіч.

18:36 Блогерка Наста Пілюгіна адпушчаная зь міліцыі. Паведамляе ў сацсетках, што за ёй па горадзе едзе белы мікрааўтобус, дзе сядзіць мужчына з рацыяй.

18:49 Вось гэты міліцыянт сёньня затрымаў на падставе праверкі дакумэнтаў журналістку naviny.by Адар'ю Гуштын, журналістку tut.by Тацяну Мацьвееву і фатографа «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна. Назваўся «лейтэнант Шарай».

19:01 Яўген Анішчанка на волі. Акрамя таго, актывіст БХД пасьпеў яшчэ ўбачыць затрыманьне Васіля Берасьнева.

19:07 У камэнтары Яўген Анішчанка распавёў акалічнасьці свайго затрыманьня: «Раніцай па ўсіх адрасох, дзе я мог бы знаходзіцца, прыйшлі міліцыянты. Паказвалі пастанову на перашук, нібыта ў мяне могуць быць дома нейкія рэчы. Ніхто ім не адчыніў, у выніку міліцыянты сядзелі ля парогу ажно да 16-й гадзіны. Мяне ж спынілі на машыне на пад'езьдзе да плошчы. Прасілі прад'явіць дакумэнты, казалі, што трэба агледзець машыну. Я адказаў, што няхай робяць гэта з панятымі. Пратрымалі да канца акцыі, а потым адпусьцілі. Вялікая колькасьць актывістаў і журналістаў знаходзіцца ў міліцыі і, відавочна, правядзе там найбліжэйшую ноч, у тым ліку Павал Севярынец».

19:21 Імаверна, што суды заўтра пачнуцца а 9:00. Але дакладнай інфармацыі на цяперашні момант няма.

19:53 Сайт horki.info паведамляе ў твітэры, што суд над Андрэем Юрковым адбудзецца а 9:00.

20:03 Сёньня многія аршанцы скардзіліся на кепскую мабільную сувязь і марудны інтэрнэт. Але, выяўляецца, падобныя праблемы ўзьніклі і ў іншых гарадох, дзе 12 сакавіка адбываліся пратэсты. Напрыклад, у Берасьці, дзе людзі выйшлі на стыхійны мітынг супраць улады. Незалежны журналіст Алесь Ляўчук піша пра мабільных апэратараў у фэйсбуку:

21:06 Адар'я Гуштын піша ў фэйсбуку, як яе падтрымаў звычайны аршанскі таксіст.

21:10 Радыё «Свабода» апублікавала падрабязнасьці бесцырымоннага і незаконнага затрыманьня сваёй карэспандэнткі Галіны Абакунчык: «Галіна Абакунчык была затрыманая сёньня а 14:20 па заканчэньні акцыі пратэсту ў Воршы міліцыянтамі ў цывільным і ў форме, якія не прадставіліся. Як распавялі сьведкі здарэньня, у пастарунак яе даставіў супрацоўнік у цывільным. Галіна запатрабавала, каб супрацоўнікі прадставіліся і патлумачылі прычыны затрыманьня. Гэта яны не зрабілі. Пры гэтым у Галіны сілай, прыціснуўшы да сьцяны, забралі тэлефон, не далі зьвязацца з рэдакцыяй. Пасьля знаходжаньня ў пастарунку «Бабінічы» Галіну даставілі ў галоўны офіс РАУС для высьвятленьня асобы. Допыт доўжыўся каля 6 гадзін. У Галіны было з сабою пасьведчаньне МЗС Беларусі аб акрэдытацыі і пашпарт. У чым абвінавачваецца Галіна Абакунчык, у РАУС не змаглі патлумачыць».

21:34 У Аршанскім РАУС няўцямна тлумачылі, чаму людзей у Воршы затрымлівае незразумелае падразьдзяленьне з расейскай сымболікай у аўтамабілі. Мо' гэта наогул не беларускія амапаўцы? Чалавек паабяцаў зьвярнуцца на гарачую лінію МУС. Замест тлумачэньняў дзяжурны аршанскага РАУС патрабаваў ад чалавека, які тэлефанаваў, назваць сябе.

22:00 Нарэшце на сувязь выйшаў галоўны рэдактар Orsha.eu Ігар Казьмерчак, якога ад самай раніцы цікавала міліцыя. Яму ўсё ж удалося паўдзельнічаць у акцыі, а потым яго суправаджалі звычайныя жыхары Воршы. У адной з кватэраў Ігару Казьмерчаку далі часовы прытулак, а пасьля арганізавалі яго бясьпечную дастаўку ў іншы горад. У які – Ігар не паведамляе.

22:29 Некаторыя аршанцы сьцьвярджаюць, што фатаграфаваў іх з Дому гандлю менавіта мэр Воршы Мікалай Лісоўскі. «Народныя навіны Віцебска» тым часам апублікавалі матэрыял "Пратэсты ў Воршы: чыноўнікі хаваліся за жалюзі, а мітынгоўцаў пільнавалі праз дрон»

22:43 З інтэрнэту: «Прыгадалася, калі людзі ішлі да будынку райвыканкаму, на ўсю вуліцу ў Воршы гучала, ледзь не ламаючы ўзмацняльнікі, песьня Андрэя Макарэвіча са словамі "Каждый костёр когда-то догорит". Сымбалічна, над гэтым трэба ўладзе задумацца!»

23:05 Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі: «Хваля рэпрэсіяў працягваецца супраць БХД і іншых дэмакратычных арганізацыяў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Але відавочна, што зараз гэта не пратэст апазыцыі, але пратэст беларускага народу. І калі сапраўды некалькі чалавек можна затрымаць, то супраць беларускага народу зрабіць нічога не атрымаецца. Акцыі пратэсту працягваюцца. Наступныя акцыі пройдуць у Менску і рэгіёнах 15 сакавіка. І мы павінны паказаць, што нас не запужаць. Мы прымусім сябе паважаць».

orsha.eu