Кажа актывіст: «Пра выраб фальшывай купюры наміналам 5 рублёў, якая нібыта стала падставай для налёту на офіс, я нічога ня ведаю. Мне не зразумела, якая сувязь паміж несапраўднай купюрай, якую знайшлі ў адным з банкаў на вуліцы Камсамольскай, і нашым офісам на вуліцы Чырвонаармейскай, які месьціцца за некалькі кілямэтраў, на другім беразе Дняпра. Паводле сьледчых, ператрус, які прайшоў у нас 6 красавіка, зьвязаны з тым, што ў офісе ёсьць капіявальная тэхніка. Дык ці мала дзе яна ёсьць? Але з офісу вывезьлі працэсары, ноўтбук, друкаркі, фарбы да іх. Паводле пратаколу апытаньня, які вёў сьледчы Станіслаў Барысёнак, я зьяўляюся сьведкам. Сьведкам чаго, я так і не зразумеў».
У Ігара Казьмерчака ўзялі падпіску пра неразгалошваньне акалічнасьцяў справы. Але актывіст па-ранейшаму пэўны, што ператрус на офісе Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў зьвязаны з «Маршам недармаедаў», які мае пачацца на цэнтральнай плошчы Воршы а 13-й гадзіне 12 сакавіка.
Колькі чалавек прыйдзе на марш, Ігар Казьмярчак прагназаваць не бярэцца: «Цяжка сказаць, як зрэагуюць людзі на тое, што дэкрэт № 3 замарожаны. Хаця ўсё разумеюць: "замарожаны" – яшчэ ня значыць "скасаваны". Да ўсяго, у Воршы вельмі даўно не было вулічных масавых акцыяў – бадай што з "рэвалюцыі маўклівага пратэсту", калі на той самай плошчы зьбіралася да сотні чалавек. Таму прадказаць нічога нельга».
Тым часам па сацыяльных сетках распаўсюджваюцца абʼявы пра марш. І на прадпрыемствах гораду, паводле зьвестак аршанцаў, робяцца папераджальныя захады: у шэрагу ўстановаў на найбліжэйшую нядзелю заплянаваныя «суботнікі», а дзе-нідзе работнікаў папярэджваюць наўпрост: калі заўважаць на акцыі пратэсту, то звольняць.