Чацвер, 21 Сакавік 2013

У Віцебску затрыманыя актывісты партыі БНФ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Кастусь Смолікаў, Леанід Аўтухоў Кастусь Смолікаў, Леанід Аўтухоў

У Віцебску затрыманыя сябры партыі БНФ — цяперашні старшыня абласной арганізацыі Леанід Аўтухоў і былы кіраўнік гэтай структуры Кастусь Смолікаў. У гандлёвым цэнтры «Эвіком» яны раздавалі ўлёткі з запрашэньнем на мітынг 25 сакавіка. Цяпер актывісты знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, суд над імі адбудзецца 25 сакавіка.

Паведамляе праваабаронца Леанід Сьвецік: «Пратакол складзены, быў агляд машыны, таксама быў складзены пратакол аб канфіскацыі друкаванай прадукцыі. Іх завезьлі ў ІЧУ да панядзелка. Нам невядома па якім артыкуле складзеныя пратаколы, калі па друкаванай прадукцыі, дык па ім няма арышту, хаця ім усё можна».

На 25-га сакавіка ў Віцебску замаўлялі два мітынгі. Адзін зь іх — ад імя актывістаў партыі БНФ. Паводле Леаніда Аўтухова, адказ на сваю заяву БНФ не атрымаў. «Я ўпэўнены, што трэба праводзіць імпрэзу незалежна ад вэрдыкту адміністрацыі. Гэта тлумачылі і ахове гандлёвага цэнтру, і міліцыянтам», - паведаміў кіраўнік абласной суполкі БНФ.

Паводле Радыё Рацыя, БелаПАН, Радыё Свабода