«Я лічу, што сьмяротнае пакараньне – вельмі сур’ёзнае пытаньне для беларускага грамадзтва. З аднаго боку, празь сьмяротнае пакараньне дзяржава забясьпечвае людзям абарону ад злачынцаў, якія замахваюцца на іхнае жыцьцё, і да такіх злачынцаў прымяняецца заслужаная імі кара. Аднак, з другога боку, існуе імавернасьць судовай памылкі, якую нельга будзе выправіць, коштам якой можа стаць жыцьцё ні ў чым не вінаватага чалавека», – мяркуе Леанід Сьвецік.
На яго думку, трэба час, каб грамадзянін і беларуская ўладная эліта паступова падышлі да разуменьня таго, што рана ці позна прыйдзецца адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня ў Беларусі або часова прыпыніць выкананьне сьмяротных прысудаў. «Заяўлены мною пікет – гэта крок у бок шырокай дыскусіі па праблеме сьмяротнага пакараньня ў нашай краіне», – сказаў віцебскі праваабаронца.