Сёлета бел-чырвона-белыя сьцягі першымі залуналі над магілай Алены Залескай, былой старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пад сьцягамі актывісты прыбралі месца пахаваньня, запалілі зьнічку ды ўсклалі кветкі. Згадалі, колькі давялося перажыць гэтай ужо немаладой тады спадарыні, калі яе затрымлівалі за ўдзел у апазыцыйных акцыях, як ці не ўтрая маладзейшыя міліцыянты круцілі ёй рукі ды ўпіхвалі ў машыны, і як годна яна потым трымалася на судох…
Сярод прысутных быў актывіст Аляксандар Салаўян, бацька пахаванага на гэтых могілках Рамана Салаўяна. Гэты хлопец сышоў у лепшы сьвет нечакана і трагічна. Але яго часта згадваюць тыя, хто бачыў пікеты каля так званага «сіняга дому» ў Віцебску. Раман Салаўян колькі разоў выходзіў туды разам з Барысам Хамайдам і Ўладзімерам Плешчанкам, таксама ўжо нябожчыкам.
Сяргей Цярэнцьеў таксама быў адным зь першых віцебскіх «фронтаўцаў». І жыцьцё склалася так, што добраўпарадкаваньне ягонай магілы стала выключна клопатам яго сяброў. Штогод актывісты прыносяць туды кветкі.
На кожнай адведанай магіле засталася гарэць зьнічка. Па чарзе над кожнай луналі бел-чырвона-белыя сьцягі.
Сябры колішняга старшыні віцебскай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Плешчанкі адведалі ягоную магілу ў вёсцы Друкава. А таксама ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстраляных пад вёскай Паляі Віцебскага раёну. Штогод некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў лунае над могілкамі паміж вёскай Друкава і Вароны, дзе жыў спадар Плешчанка.