За што канкрэтна пакаралі студэнта, які ва ўніверы лічыўся выключна на станоўчым рахунку, пакуль невядома. Таксама невядома, якое рашэнне вынес суд першай інстанцыі, прызнаўшы першакурсніка вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі.
Мікіта Сцяржанценкаў быў гонарам віцебскай гімназіі №5, якую летась скончыў з залатым медалём. Падчас вучобы ён неаднаразова ўдзельнічаў у алімпіядах, у 11-м класе стаў пераможцам абласной алімпіяды па правазнаўстве, атрымаў 3-ю катэгорыю на рэспубліканскай алімпіядзе па гэтым прадмеце. Тады ж ён вызначыўся і з будучай прафесіяй, падзяліўшыся сваімі планамі за гарадской газетай «Витьбичи».
Стаўшы студэнтам юрфака ВДУ, Мікіта актыўна ўдзельнічаў у многіх мерапрыемствах праўладнага накірунку. Браў удзел у дэбатах, якія ВНУ праводзіць «с целью формирования будущего резерва кадров для государственных органов, организаций и общественных объединений из числа инициативных молодых людей», Атрымаў дыплом першай ступені ў дзелавой гульні «Я депутат», якая праводзілася ва ўніверсітэце сёлета ў лютым, напярэдадні Адзінага дня галасавання. 22 сакавіка дзяліўся ў сацсетках ВДУ сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Хатынь, якая «пераўзышла ўсе ягоныя чаканні».
Найверагодней, хлопец не ўсачыў за наяўнасцю ў сваім тэлефоне падпісак ці спасылак на так званыя «экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы». Але ў падобных выпадках суды звычайна ігнаруюць аргументы кшталту «не ведаў» ці «не заўважыў».
Марына Шэлегава