Прыгадаем некалькі справаў, якія разбірала гэтая суддзя. У красавіку 2022 года яна пакарала 20-цю суткамі арышту найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду. Цыганкова прызнала яго вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаванні» за жоўта-блакітную стужку – міліцыянты заўважылі ў распаўсюдніка незалежнага друку і беларускіх кніг.
У траўні 2021 года таксама 20 сутак арышту «атрымала» у Першамайскім судзе віцяблянка Ангеліна Туравец. У Дзень Перамогі яна прыйшла паглядзець парад з маскай на твары – тады такі аксесуар быў вельмі актуаальны. На масцы быў прынт – белазумая усмешка з высунутым языком. Міліцыянты ўбачылі ў гэтай выяве «апазіцыйную сімволіку», і Алена Цыганкова асудзіла дзяўчыну таксама за «несанкцыянаванае пікетаванне».
У верасні 2021 года суддзя Цыганкова асудзіла зноў-такі на 20 сутак арышту прадпрымальніка Уладзіміра Пунько. На яго склалі пратакол за бел-чырвона-белую сурвэтку, якую супрацоўнік МУС пабачыў у салоне аўтамабіля. Міліцыянт вырашыў, што гэта сцяг, і падаў рапарт на ўладальніка аўто.
Карала Алена Цыганкова і ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года. Так, 14 кастрычніка 2020 года яна палічыла даказаным удзел віцяблянкі Марыны Булатоўскай у несанкцыянаваным масавым шэсці 23 верасня. У той дзень Марына, як верніца грэка-каталіцкай царквы, прыйшла падтрымаць малітвай тых грамадзянаў, якія выйшлі на мірны пратэст. І хоць на прадэманстраваным відэа падсудная сябе не пазнала, суддзя аштрафавала маладую маці ў дэкрэце на 4 базавыя велічыні.
29 снежня 2020 года суд Чыгуначнага раёна разгледзеў адміністрацыйныя справы трох віцебскіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у запісе відэазвароту да ўладаў. Ролік са зваротам быў створаны 27 кастрычніка. Студэнтаў абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Усіх траіх прызналі вінаватымі, прычым дзве справы разбірала Алена Цыганкова. Яна пастанавіла пакараць студэнта Аляксандра Ткачова адміністрацыйным арыштам на 5 сутак, а студэнтку Юлію Хомчанка аштрафавала на 5 базавых велічынь ( тады 135 рублёў).
Відавочна, што ў параўнанні з тым жа 2020 годам пакаранні суддзі Алены Цыганковай апошнім часам сталі больш жорсткімі.
Міраслаў Кухто