Пятніца, 29 Верасень 2023

Мужа і жонку Рудаковых, якія адбылі адміністрацыйны арышт за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, збіраюцца дэпартаваць з Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта са спачылкай на ўласныя крыніцы паведаміла агенцыя BPN. Сям“ю вядомых аматараў беларускай культуры, якія з Іркуцку пераехалі на Полаччыну, каб аднавіць сядзібу на малой радзіме Алега Рудакова, затрымалі 24 жніўня. І яго, і ягоную жонку Вольгу пакаралі 30-цю суткамі арышту паводле ч.2 арт.19.11 КаАП - за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасля адбыцця арышту Рудаковых папяоэдзілі, што пачынаюць падрыхтоўку працэдуры дэпартацыі – яны абодва з'яўляюцца грамадзянамі Расеі.

Алег Рудакоў нарадзіўся ў Полацку, але па сканчэнні школы паехаў вучыцца ў Цюменскую вышэйшую ваенна-інжынерную вучэльню. Па сканчэнні апынуўся ў Іркуцку, дзе стварыў і 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага "Крывічы". Гэта найбуйнейшае ў Сібіры нацыянальна-культурнае ўтварэнне (сярод чатырох дзясяткаў іншых) і адна з самых актыўных у Расіі беларускіх суполак. Пасля ад’езду Рудаковых культурніцкія традыцыі працягваюць іншыя ўдзельнікі суполкі. Беларускую мову самастойна вывучылі нават тыя, хто ніколі ў Беларусі не быў, але мае там свае карані.

Разам з жонкай Алег Рудакоў пераехаў на Полаччыну, дзе аднаўляў радавую сядзібу ў вёсцы Бяздзедавічы. Вольга Рудакова за некалькі год стала адной з самых вядомых майстрых Віцебшчыны – яна захавальніца традыцый беларускіх народных рамёстваў, праводзіць майстар-класы па вышыўцы і ткацтве, робіць паясы, вязаныя цацкі, шые традыцыйнае народнае адзенне. Сужэнцы рэгулярна ўдзельнічалі ў імпрэзах, якая мелі беларускі нацыянальны каларыт, у тым ліку ў «Горадзе майстроў» падчас фестывалю «Слявянскі базар у Віцебску».

Алег Рагавы