Серада, 20 Верасень 2023

За падпіску на «экстрэмісцкія» каналы ўлады пакаралі арыштам жыхара Наваполацка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 11 верасня за падпіску на 9 інфармацыйных «экстрэмісцкіх» рэсурсаў вырашыла пакараць арыштам на 15 сутак сябра грамадскай арганізацыі "Беларускае таварыства інвалідаў" Сяргея Крупкіна.

У судовым паседжанні Сяргей указаў на тое, што ён у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» на сваёй асабістай старонцы меў падпіскі на суполкі: «Ведай народ праўду», «Свабодная Беларусь», «Protest», «За Еўрапейскую Беларусь», «Беларусь за сумленныя выбары», «Народны прысуд», «Стачкам ААТ «Беларуськалій», «Салідарнасць з Хартыя-97», а таксама ў сетцы «YouTube» быў падпісаны на канал «NEXTA». З дапамогай гэтых інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных уладамі "экстрэмісцкімі" матэрыяламі, ён перыядычна знаёміўся з навінамі.

Пры прызначэнні пакарання суддзя Болоболова знайшла змякчальную акалічнасць - прызнанне мужчынам сваёй віны, і на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП падвергла Крупкіна максімальна магчымым пакараннем па названым артыкуле - арыштам на 15 сутак.

Андрэй Цурпан