Як распавядае Леанід Аўтухоў, 10 жніўня прыкладна ў 9.15 раніцы ён завітаў у Гарадоцкую раённую выбарчую камісію, каб даведацца пра вынікі галасаваньня ў раёне. Старшыня камісіі заявіла, што вынікі галасаваньня будуць падводзіць у малой залі райвыканкаму на паседжаньні камісіі ў 9.30. Аўтухоў уладкаваўся ў малой залі, але старшыня раённай камісіі змусіла яго пакінуць памяшканьне і заявіла, што пра вынікі галасаваньня ён даведаецца пасьля іх абвяшчэньня ЦВК.
«Калі лічбы, якія вы зьбіраецеся абвесьціць, таямніца, то я сыду», – заявіў Аўтухоў.
Праз паўтары-дзьве гадзіны да дому актывіста пад'ехала міліцыя, адвезла яго ў мясцовы РАУС, дзе міліцыянт у званьні капітана склаў пратакол аб затрыманьні за дробнае хуліганства (ч.1, арт.17.2 КаАП). У заяве з выбарчай камісіі сьцьвярджалася, што Леанід Аўтухоў нібыта перашкаджаў працы выбарчай камісіі.
«Але як я мог перашкаджаць, калі насамрэч мая размова з сябрамі выбарчай камісіі адбылася яшчэ да пачатку працы камісіі?» – кажа Аўтухоў.
Ноч ён правёў у ІЧУ. 11 жніўня адбыўся суд. Судзьдзя вынес рашэньне: дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту.
Леанід Аўтухоў лічыць сваё затрыманьне прэвэнтыўным. Два дні запар да затрыманьня да яго прыяжджалі намесьнікі начальніка міліцыі, папярэджвалі, каб ня езьдзіў ні на якія пратэставыя акцыі. Мяркуе, што вынікі судовага паседжаньня былі вядомыя загадзя.
Параўноўваючы ўмовы ўтрыманьня ў Віцебскім і Гарадоцкім ІЧУ, Леанід кажа, што «ў турме як у турме», але лічыць, што ў Гарадку ўмовы больш спрыяльныя для затрыманых. У камэрах нядаўна быў зроблены рамонт, зьмененая сантэхніка.
Выйшаўшы на волю, Леанід Аўтухоў найперш наведаў свайго паплечніка Леаніда Гаравога, які цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі.
«Лічу, што падставаў, для затрыманьня Гаравога не было. І за гэта мусяць адказаць тыя, хто складаў пратакол. Затрымліваць хворага на цукроўку чалавека і не карміць амаль суткі – гэта подла. Добра, я хацеў дазнацца пра сапраўдныя лічбы галасаваньня па раёне. Іх палохае нават адно гэтае жаданьне. А Лёня нічога не зрабіў. Ён інтэлігентны, адэкватны чалавек», – абураецца Леанід Аўтухоў.
С. Горкі