Суд Лепельскага раёну 26 лютага асудзіў полацкага атывіста Алеся Круткіна на 15 сутак за правапарушэньне, прадугледжанае арт 23.34 КаАП. Гэта адбылося адразу пасьля таго, як Круткін адседзеў 30 сутак запар у віцебскім ІЧУ. Пра суд у Лепелі, куды актывіста тэрмінова вывезьлі ў дзень вызваленьня зь віцебскага ізалятару, ня ведалі ні сваякі, ні сябры Круткіна.
Такім чынам, за кратамі ён правядзе 45 сутак запар.
«Мы лічым, што гэткім чынам улады помсьцяць Алесю Круткіну за грамадзкую дзейнасьць і вострую крытыку дыктатара і чыноўнікаў», – гаворыцца ў звароце, які падпісалі вядомыя ў Беларусі блогеры Сяргей Ціханоўскі, Зьміцер Казлоў, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін і Мікола Дзядок.
«У сваім відэаблогу ён часта выказваўся наконт вострых сацыяльных і палітычных пытаньняў і заваяваў папулярнасьць падпісчыкаў сумленнай і адкрытай пазыцыяй. Замест таго каб прыслухацца да крытыкі, Лукашэнка крыўдзіцца і змагаецца зь люстэркам, у якім толькі адбіваюцца рэаліі сучаснай Беларусі», – пішуць блогеры.
Аўтары звароту патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня Алеся Круткіна і спыненьня неабгрунтаванага ціску на блогераў і незалежных журналістаў.
Блогеры заклікаюць беларусаў да салідарнасьці з Круткіным і просяць палітыкаў ды грамадзкіх дзеячаў узьняць пытаньне аб перасьледаваньні ў Беларусі блогераў і журналістаў на міжнародным узроўні.
«Мы мяркуем, што Алесь Круткін павінен быць прызнаны палітычным зьняволеным і заклікаем палітыкаў, праваабаронцаў, грамадзкіх дзеячаў актыўна дамагацца яго вызваленьня і спыненьня рэпрэсій супраць незалежных блогераў і журналістаў. Свабоду Алесю Круткіну!» – гаворыцца ў звароце.
Нагадаем, у сувязі з чарговым прысудам Круткіну праваабаронцы «Вясны» зьвярнуліся адразу да трох спэцдакладчыкаў ААН.
Алесь Круткін быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 сутак 28 студзеня ў Полацку (за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях у Менску), другія 15 сутак яму прысудзілі 12 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску (за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!» на будынку аблпракуратуры), трэція 15 сутак – у Лепельскім райсудзе.
12 лютага у залі суду Круткін абвясьціў «мокрую» галадоўку.
Паводле інфармацыі, атрыманай актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» ад маці актывіста, зь Лепелю Алесь быў зноў перавезены ў віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня.
Зьміцер Міраш