Серада, 08 Студзень 2020

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу незалежных журналістаў

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алена Шабуня і Зьміцер Лупач Алена Шабуня і Зьміцер Лупач

У Віцебскім абласным судзе 8 студзеня незалежныя журналісты Зьміцер Лупач і Алена Шабуня спрабавалі абскардзіць рашэньне суду Віцебскага раёну ад 12 сьнежня, паводле якога яны былі прызнаныя вінаватымі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ) і аштрафаваныя.

Журналістаў аштрафавалі за тое, што 15 лістапада 2019 году яны, «ня маючы акрэдытацыі, узялі інтэрвію ў жыхароў вёскі Шэвіна Віцебскага раёну, а затым разьмясьцілі яго на сайце тэлеканалу «Белсат». Сваімі дзеяньнямі яны, нібыта, парушылі патрабаваньні арт. 35 Закону аб СМІ. З пастановай суду абвінавачаныя не пагадзіліся, бо, на іх погляд, пры разглядзе справы былі парушаныя міжнароднае і нацыянальнае заканадаўствы.

Выступаючы ў абласным судзе, Зьміцер Лупач і Алена Шабуня зазначылі, што райсуд прымаў рашэньне насуперак міжнародным абавязкам, узятым на сябе Рэспублікай Беларусь. Журналісты зьвярнулі ўвагу на тое, што накладаньне штрафу за выраб інфармацыйнай прадукцыі ёсьць ухіленьнем РБ ад выкананьня ўзятых на сябе абавязкаў. Прасілі адмяніць пастанову суду Віцебскага раёну.

Судзьдзя Сьвятлана Іванова выслухала журналістаў, запытала ў іх аб наяўнасьці акрэдытацыі і пастанавіла пакінуць рашэньне суду Віцебскага раёну бяз зьменаў, а скаргу журналістаў – без задавальненьня.

Такое рашэньне аблсуду выклікала ў прысутных на працэсе нэгатыўную рэакцыю.

«Замест таго, каб судзіць тых, хто робіць перашкоды простым людзям, судзяць журналістаў, якія распавялі пра гэтую праблему. Гэта парадокс! Гэта ўстанова, то бок суд, ператварылася ў карны, зьдзеклівы орган. Ні ў воднай краіне сьвету, пэўна, такога няма», – выказала меркаваньне актывістка БХД Тацяна Севярынец.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.