Аўторак, 17 Снежань 2019

Віцябляніна будуць судзіць за публікацыі ў Facebook і «Вконтакте»

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Аляксей Прохараў. Фота: facebook.com Аляксей Прохараў. Фота: facebook.com

Віцябляніну Аляксею Прохараву паведамілі, што ў дачыненьні да яго распачатая адміністрацыйная справа за правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП РБ (Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Пратакол склалі супрацоўнікі аддзяленьня міліцыі Віцебскага раёну.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Аляксей Прохараў зрабіў 3 сьнежня на сваіх старонках у сацыяльных сетках Facebook і «Вконтакте» публікацыі, якія ўтрымлівалі заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – «Жывым ланцугу за права быць незалежным» у Менску. Як мяркуюць міліцыянты, гэтым самым Прохараў парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34).

Аляксей Прохараў паведаміў, што разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца 26 сьнежня ў судзе Віцебскага раёну. Пачатак судовага паседжаньня ў 11.00.

Хто менавіта будзе судзіць віцябляніна, пакуль невядома.

У размове зь «Віцебскай Вясной» Аляксей Прохараў прызнаўся, што ня ведаў нават пра існаваньне такога артыкулу ў Адміністрацыйным кодэксе.

«Упершыню з гэтым сутыкаюся. Ці лічу я сябе вінаватым?.. Ну, паводле літары закону, які зараз дзейнічае, так, нібыта я парушыў. Але, з другога боку, тут жа пытаньне незалежнасьці краіны! Дык за што тады судзіць?..» – сказаў Аляксей Прохараў.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.