Сябры чакалі вызваленьня Круткіна зь ІЧУ ад 17-й гадзіны. Але міліцыянты не паведамлялі, дзе ён знаходзіцца. Сустракалі Алеся ня толькі палачане, прыехалі выказаць салідарнасьць актывісты зь Менску, Віцебску, Воршы. Толькі пасьля 18.00 маці Алеся паведамілі, што яе сына вывезьлі з цэнтральнага РАУС у іншы канец гораду, у апорны пункт міліцыі мікрараёну «Марыненка».
Алеся сустрэлі на канцавым аўтобусным прыпынку. Аказалася, што міліцыя перавезла яго яшчэ ў 16 гадзін – далей ад тых, хто сустракаў яго каля РАУС. Выпускаючы Круткіна з апорнага пункта, міліцыянты прапанавалі яму патэлефанаваць сваім сябрам, каб яны ня ладзілі масавай сустрэчы каля дзьвярэй цэнтральнага РАУС.
На цёмнай вуліцы Марыненкі і адбылася цёплая сустрэча з вызваленым Алесем Круткіным – са сьцягамі, кветкамі і сяброўскімі вітаньнямі. Алеся павіншавалі з 30-годзьдзем, якое ён сустрэў 7 сьнежня ў камэры полацкага ІЧУ. Тады сябры Алеся зладзілі ў яго гонар сьвяточны фаервэрк ля будынку ізалятару.
«Я сустрэў сваё 30-годзьдзе ў камэры ІЧУ. Хацеў бы пажадаць Лукашэнку доўгіх гадоў жыцьця і каб ён сустрэў сваё 70-, 80-, 90- і 100-годзьдзе на зоне, дзе будзе адбываць сваё пажыцьцёвае зьняволеньне», – сказаў з гэтай нагоды Алесь Круткін.
Алесь Круткін - зь юбілейнымі кветкамі
Алесь паведаміў, што 12 сьнежня менскі суд завочна аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь (каля 500 эўра).
Расказаў таксама, што за ўвесь час адседкі ягоная маці змагла толькі аднойчы зрабіць яму прадуктовую перадачу, другі раз ёй адмовілі, патлумачыўшы – што за парушэньне Алесем рэжыму ўтрыманьня ў ІЧУ. Але якое менавіта было парушэньне, ня ведае і сам Алесь.
Паведаміў, што ў ІЧУ пасьпеў напісаць тры сцэнары для свайго блога, пяць артыкулаў і вершы, якія паабяцаў разьмясьціць на сваіх старонках у сацыяльных сетках.
Па словах Алеся, на 17 сьнежня (14.00) у Полацку прызначаны яшчэ адзін судовы разгляд. Алеся абвінавачваюць у абразе міліцыянтаў. Мяркуе, што дадуць штраф.
Вызваленьне Алеся Круткіна і ягоная сустрэча зь сябрамі трансьлявалася на ютуб-канале «Шэры кот».
Аляксандар Марозаў, фота аўтара