Пятніца, 29 Лістапад 2019

Полацкаму блогеру Круткіну далі 15 сутак за рэпост у Фэйсбуку

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алесь Круткін у судовай залі Алесь Круткін у судовай залі

Полацкі суд 29 лістапада вынес рашэньне арыштаваць на 15 сутак грамадзкага актывіста і блогера Алеся Круткіна за рэпост ў фэйсбуку. Судзьдзя Віктар Баліка палічыў, што перапост ад 12 лістапада ўтрымліваў «заклік на незаконнае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы ў Менску».

Напярэдадні, 28 лістапада, Алесь Круткін сам пайшоў у Полацкі РАУС, каб забраць свае мабільныя тэлефоны, якія былі канфіскаваныя па ранейшых адміністрацыйных справах. Але ў міліцыі блогера затрымалі – на падставе адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34 (парушэньне арганізацыі масавага мерапрыемства). Актывіст правёў ноч у полацкім ізалятары часовага ўтрыманьня, але ў суд яго з раніцы не прывезьлі. Мясцовыя актывісты знайшлі яго ў Полацкім РАУС, змаглі перадаць яму ежы.

Справу ў Полацкім судзе пачалі разглядаць толькі ў 14.15.

Алеся абвінавацілі ў тым, што ён 12 лістапада перапосьціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведамленьне «з заклікам на незаконную акцыю». Блогер зрабіў перапост інфармацыі з групы «Еўрапейская Беларусь» аб правядзеньні перадвыбарчага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 15 лістапада.

Судзьдзя зачытаў дакумэнт з матэрыялаў справы, паводле якога Менгарвыканкам забараняў правядзеньне на Кастрычніцкай плошчы перадвыбарчых мерапрыемстваў.

На судзе высьветлілася, што адміністрацыйная справа супраць Круткіна была распачатая яшчэ ў Віцебску і стала вынікам стараннага вывучэньня службовай асобай з Упраўленьня ўнутраных справаў тэкстаў у сацыяльных сетках. Дарэчы, да справы быў прыкладзены дыск з выявай скрыншотаў са старонкі Круткіна ў фэйсбуке.

Круткін сваю віну не прызнаў. Паведаміў, што ня лічыць гэты  рэпост заклікам на незаконнае мерапрыемства ў пэрыяд выбарчай кампаніі.

У выніку судзьдзя Віктар Баліка, улічыўшы, што Круткін сёлета ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, пастанавіў пакараць яго адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

Адразу пасьля паседжаньня Круткін заявіў, што мае намер абскардзіць гэтае рашэньне Полацкага суду, але прызнаўся, што ня ведае, як гэта зрабіць знаходзячыся ў ІЧУ.

На выхадзе з будынку суду блогера ўжо чакалі міліцыянты.

Аляксандар Марозаў

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.