Гэтым разам падставай для адміністрацыйнага перасьледу стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пад назвай “На Віцебшчыне паставілі помнік камсамолу”.
Журналіста абвінавацілі ў парушэньні арт. 35 “Закона аб СМІ” (праца на замежны сродак інфармацыі без акрэдытацыі пры беларускім МЗС) і прыцягнулі да адказнасьці па ч. 2 арт. 22.9 КаАП – за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
Ужо пасьля суду Зьміцер Лупач сказаў, што аніякага спадзеву на апраўдальнае рашэньне па выніках судовага слуханьня ў яго не было, бо тэма сюжэту значная для чыноўнікаў.
Фота: racyja.com
Рабіць фотаздымкі ў ходзе слуханьня судзьдзя Тарасевіч забараніў. На прапанову журналіста весьці судовы працэс у Міжнародны дзень роднай мовы па-беларуску судзьдзя адказаў, што Лупач можа гаварыць на беларускай мове, а сам, спаслаўшыся на дзяржаўнае дзьвюхмоўе, гаварыў па-расейску.
У якасьці сьведкі на судзе прысутнічала Сьвятлана Палідавец, якая працуе настаўніцай у адной са школаў гораду. Яна зазначыла: пасьля наведваньня міліцыі зразумела, што размаўляць з журналістамі нельга, і больш нікому ніякіх інтэрвію даваць ня будзе.
Перад судовым пасяджэньнем Зьміцер Лупач перадаў у Глыбоцкі суд арыгінал квітанцыі аб аплаце папярэдняга штрафу. Але дакумэнт гэтым разам павялічыў да памеру 1.8 х1.6 мэтра.
“Бо, – кажа журналіст, – часам у судзе ня могуць адсачыць, ці заплаціў я штраф, і перадаюць паперы судовым выканаўцам”.
Фота: racyja.com
“Думаю, што спраўдзіць гэта нескладана, але яны прызвычаіліся, каб я сам прыносіў квітанцыю, сплаціўшы вялікі штраф. То бок ідзі вешацца і вазьмі з дому сваю вяроўку. А вось суд позву мне не дасылае, спасылаецца на ХХI стагодзьдзе і на век інтэрнэту, маўляў, можна паведамляць любымі сродкамі сувязі. Міліцыя праз Viber дасылае сфатаграфаваную позву”, – кажа Лупач.
“Чаму ж тады працаўнікі суду “ў век інтэрнэту” ня могуць спраўдзіць, ці заплаціў я штраф? Мінулым разам я прыносіў больш за 130 квіткоў аб аплаце штрафу, а зараз вырашыў прынесьці вось такі вялікі дакумэнт, каб ужо дакладна ўбачылі”, — тлумачыць фрылянсэр.
Гэта быў першы суд над Зьмітром Лупачам у 2019 годзе. Летась па артыкуле 22.9 КаАП ён прыцягваўся да адказнасьці 9 разоў. Агулам сплаціў ужо штрафаў на суму 4 тыс. 802 беларускія рублі.