Пятніца, 28 Снежань 2018

Журналіста-фрылянсэра Зьмітра Лупача зноў аштрафавалі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Зьміцер Лупач Зьміцер Лупач

Дзявяты па ліку суд адбыўся сёлета над глыбоцкім журналістам-фрылянсэрам Зьмітром Лупачам паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП  — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Гэтым разам судзьдзя Глыбоцкага раённага суду Людміла Вашчанка аштрафавала журналіста на 25 базавых велічыняў, што складае 612,5 беларускіх рублёў. Падставай стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаваньне памяці ахвяр нацыстаў і камуністаў на Глыбоччыне.

Усяго працэс па адміністрацыйнай справе доўжыўся каля 20 хвілін, але калегі Зьмітра змаглі трапіць толькі на выніковую частку паседжаньня суду. Незалежныя журналісты прыйшлі падтрымаць калегу, міліцыянты праверылі ў іх дакумэнты і сказалі чакаць, а потым не пускалі ў пакой, дзе слухалася справа Лупача. Яны спасылаліся на тое, што працэс ужо пачаўся і там вядзецца допыт. Да таго ж праваахоўнікі дадалі, што журналісты самі вінаватыя ў тым, што ня трапілі на суд, бо трэба было ісьці.

Паводле слоў Тацяны Смоткінай, такое нахабства міліцыянтаў яе вельмі зьдзівіла:

— Спачатку ў нас дзяжурны міліцыянт праверыў дакумэнты і сказаў чакаць. Потым зьявіўся капітан міліцыі Сяргей Цырбан і параіў дзяжурнаму праверыць дасканала нашы рэчы. Сказаў, што яшчэ невядома, адкрыты гэта суд ці закрыты.

Я зразумела, што такімі дробязямі яны нас затрымліваюць. Толькі пасьля таго, калі я зноў сказала, што буду пісаць скаргу на імя галоўнага судзьдзі, нам дазволілі зайсьці ў габінэт, дзе судзілі Зьмітра. Але нам удалося трапіць туды толькі напрыканцы паседжаньня, былі мы там усяго 3-4 хвіліны. Хутка было аб’яўленае рашэньне суду. Але склалася ўражаньне, што ўсё напісанае і абмеркаванае было ўжо загадзя, — распавяла Тацяна Смоткіна.

Самога Зьмітра Лупача не пусьцілі ў будынак суду зь відэакамэрай. Да таго ж доўга трымалі перад рамкай-мэталядэтэктарам. Прапусьцілі толькі пасьля таго, як ён сказаў, што яму трэба азнаёміцца са справай.

— Судзілі мяне ў пакоі для наведнікаў. На пачатку слуханьня я заўважыў, што няма маіх калег, якія прыйшлі мяне падтрымаць. І калі заходзілі міліцыянт і сакратар сказаць, што ёсьць людзі, якія хочуць прысутнічаць на працэсе, судзьдзя Людміла Вашчанка крычала на іх. Але пасьля слоў сакратаркі, што тэлефанавалі са сьледчага камітэту і сказалі прапусьціць, яна пагадзілася пусьціць у габінэт журналістаў.

Паводле слоў Зьмітра Лупача, не дазволіла судзьдзя яму і поўны выступ. У абарону сябе журналіст падрыхтаваў спасылкі на шэраг артыкулаў Канстытуцыі Беларусі. Напрыклад, артыкул 8, які прызнае прыярытэт міжнароднага права і забясьпечвае адпаведнасьць заканадаўства, артыкул 33, які кожнаму гарантуе свабоду меркаваньняў, перакананьняў і свабоднае выказваньне і іншыя артыкулы асноўнага закону. А таксама вытрымку з Хэльсынскага акту 1974 году і артыкул 19 Міжнароднага пакту, які быў падпісаны Рэспублікай Беларусь.

Судзьдзя сказала прамаўляць толькі па сутнасьці.

— Але я пасьпеў зазначыць, што калі прадстаўнікі Беларусі падпісалі гэтыя міжнародныя дакумэнты, яны ўзялі на сябе адказнасьць выконваць іх. Таксама дадаў, што не лічу людзей, якія працуюць у Міністэрстве інфармацыі і Міністэрстве замежных справаў разумнейшымі і маральна чысьцейшымі за сябе, каб яны мне штосьці забаранялі ці давалі нейкія дазволы на працу, — кажа Зьміцер Лупач.

Пасьля працэсу ля будынку суду зьявіўся аўтамабіль ДАІ. Паводле аднаго з прысутных журналістаў, да супрацоўніка аўтаінспэкцыі падыйшоў капітан Цырбан і нешта сказаў яму на вуха. Пасьля гэтага машыну з журналістамі спынілі для праверкі дакумэнтаў. Паколькі ўсе дакумэнты былі ў парадку, журналістам пажадалі шчасьлівай дарогі.

Сёлета гэта ўжо дзявяты суд над Зьмітром Лупачам. Але ў хуткім часе яго і Тацяну Смоткіну чакае суд у Мёрах за матэрыялы пра сацыяльныя праблемы людзей і закрыцьцё ашчаднай касы ў аграгарадку Язна. 22 сьнежня капітан глыбоцкай міліцыі Сяргей Цырбан перадаў ім ад мёрскіх міліцыянтаў дапрацаваныя пратаколы.

baj.by