Справа была ініцыяваная міліцыянтамі праз падзеі 23 сакавіка. У той дзень найстарэйшы віцебскі актывіст віншаваў мінакоў і гасьцей гораду з надыходзячым стогадовым юбілеем Беларускай Народнай Рэспублікі.
У сваім тлумачэньні ў судзе Барыс Ханонавіч не адмовіў таго факту, што напярэдадні юбілею БНР у зручны для яго час у цэнтры гораду пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня» віншаваў людзей са сьвятам.
«Рыхтаваўся загадзя. Я разумеў, што да наступнага, двухсотгадовага юбілею не дажыву, таму скарыстаўся магчымасьцю адкрыта, а не падпольна адзначыць найвялікшае нацыянальнае сьвята. Як у пратаколе запісана, так і было», – распавёў актывіст.
Адзінае, з чым не пагадзіўся спадар Хамайда, дык гэта з часам, у які капітан Вадзім Канькоў папрасіў яго пакінуць месца ля “сіняга дому”. У пратаколе пазначана, што гэта было а 14:20, а паводле актывіста ў гэты час ён быў ужо на плошчы Перамогі, бо свой наладжаны гадамі графік ніколі не парушае.
Разам з тым віны сваёй Барыс Хамайда не прызнаў. Апазыцыянэр перакананы, што дзейная ў Беларусі ўлада не зьяўляецца легітымнай, таму ніякіх заяваў на правядзеньне масавых мерапрыемстваў ён не падаваў і падаваць не зьбіраецца аж да тае пары, пакуль у краіне ізноў не запануе Канстытуцыя 1994 году.
Сьведкамі ў судзе выступілі міліцыянты Вадзім Канькоў ды Інэса Карнюкова, якія 23 сакавіка праз тэлефанаваньні пільных грамадзянаў у дзяжурную частку вымушаныя былі выехаць на месца меркаванага правапарушэньня. Як адзначыў праваахоўнік, у той сакавіцкі дзень ён патлумачыў актывісту, што, праводзячы адзіночнае пікетаваньне, той парушае заканадаўства.
У выніку разбіральніцтва судзьдзя палічыў факт правядзеньня Барысам Хамайдам пікетаваньня даказаным. Аднак з улікам узросту, матэрыяльнага становішча (невысокай пэнсіі) і, як было сказана, «асобы», суд палічыў магчымым абмежавацца невялікім штрафам у памеры адной базавай велічыні (24 рублі 50 капеек).
Пастанову суду Барыс Ханонавіч абскарджваць не зьбіраецца, бо судовую ўладу ў краіне таксама лічыць нелегітымнай.
Па сканчэньні разгляду адміністрацыйнай справы праваабаронца Павал Левінаў так пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі Дзяніса Аляксеенкі:
«Казаць пра тое, што нібыта воўк пашкадаваў авечку, як некалі выказвалася мая нябожчыца бабуля, я думаю, не выпадае. Рэч у тым, што судзьдзя мог у гэтым выпадку прымяніць артыкул 8.2 КаАП і з прычыны малазначнасьці вызваліць Барыса Ханонавіча ад адміністрацыйнай адказнасьці, бо сваімі дзеяньнямі ён не нанёс ніякай шкоды ні грамадзкім інтарэсам, ні правам і свабодам іншых грамадзянаў».
С. Горкі