У першым паседжаньні разглядалася скарга Шабуні і Лазарава на рашэньне Віцебскага раённага суду, які прызнаў іх вінаватымі паводле часткі 2 артыкулу 22.9 – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Судзьдзя Міхаіл Зубеня наклаў спагнаньне 20 базавых велічынь на Алену Шабуню і 22 базавыя на Вячаслава Лазарава. Прычынай для судовага разбору стаў матэрыял «Калгас прапілі. Вёска ля возера, а вады няма», паказаны на тэлеканале «Белсат», у якім распавядалася пра адсутнасьць пітной вады ў вёсцы Тапорына Віцебскага раёну.
У сваёй скарзе журналісты адзначылі, што Віцебскі райсуд парушыў і дзейную беларускую Канстытуцыю, і міжнародныя дамовы, якія гарантуюць грамадзянам права на збор, захоўваньне і распаўсюд інфармацыі. Алена Шабуня спрабавала пераканаць судзьдзю Іванову, што яны не займаліся вырабам сюжэту і яго далейшым разьмяшчэньнем на сайце тэлеканалу «Белсат», бо ня маюць доступу да яго. Яны проста размаўлялі зь мясцовымі жыхарамі, фіксуючы ўсё на камэру, а пасьля гэта выклалі ў інтэрнэт. А ўжо затым рэдакцыя тэлеканалу сама зрабіла сюжэт, узяўшы іх відэаздымкі з сусьветнага сеціва. І ў гэтых дзеяньнях няма ніякага парушэньня заканадаўства. Судзьдзю гэткія развагі не пераканалі і яна пакінула ў сіле рашэньне Віцебскага раённага суду.
Скаргу жа глыбоцкага фрылянсэра Зьмітра Лупача судзьдзя Іванова задаволіла, а рашэньне Шаркоўшчынскага суду адмяніла.
6 сакавіка судзьдзя Аксана Табола пакарала журналіста штрафам у 23 базавыя велічыні за сюжэт пра мізэрныя заробкі ў Шаркоўшчынскім раёне. Ён быў паказаны на пачатку студзеня таксама на тэлеканале «Белсат».
Суд адбыўся больш як праз два месяцы пасьля паказанага сюжэту, а значыць прайшоў тэрмін даўнасьці па адміністрацыйных справах. Гэта і стала асновай для адмены рашэньня Шаркоўшчынскага суду.
Уладзімер Бяляўскі