Грамадзкі актывіст абвінавачваўся ў самавольным пахаваньні чалавечых парэшткаў у месцы, не прадугледжаным для такіх мэтаў заканадаўствам (артыкул 23.43 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях). Справу вывучала судзьдзя Натальля Трацьцякова.
Падтрымаць актывіста ў першы дзень суду прыйшлі два дзясяткі грамадзянаў. Інтарэсы абвінавачанага ў правапарушэньні адстойвала ў судзе адвакатка зь Менску Галіна Пархімчык. Таксама Ян Дзяржаўцаў далучыў да ўдзелу ў працэсе сем сьведкаў.
Ад уладаў у судовым разглядзе ўдзельнічала кіраўніца аддзелу ЖКГ Віцебскага райвыканкаму Кацярына Воінава, якая складала на актывіста пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Яе пазыцыю падтрымаў старшыня Мазалаўскага сельскага савету Леанід Дубіна, на заяву якога і быў складзены пратакол. Ён выступіў у судзе ў якасьці сьведкі.
Суд пачаўся 5 лютага, але за адзін дзень судзьдзя не пасьпела апытаць усіх удзельнікаў працэсу, і слуханьні давялося працягнуць на дзень наступны. Другі дзень адбыўся ўжо без удзелу абаронцы.
Падчас вывучэньня акалічнасьцяў адміністрацыйнага правапарушэньня, судзьдзя Натальля Трацьцякова намагалася высьветліць некалькі рэчаў: адкуль зьявіліся парэшткі, пахаваныя 29 кастрычніка мінулага году ва ўрочышчы Хайсы; ці зьвяртаўся актывіст па дазвол аб пахаваньні да ўладаў, і ці быў такі дазвол атрыманы; каму належыць зямля, на якой адбылося пахаваньне.
Абараняючы сваю пазыцыю, Ян Дзяржаўцаў паведаміў суду, што, пачынаючы з 2014 году, разам са сваімі паплечнікамі ён неаднаразова зьвяртаўся ў Мазалаўскі сельскі савет, Віцебскі выканаўчы камітэт, Віцебскае епархіяльнае ўпраўленьне і іншыя ўстановы раёну і вобласьці з прапановай паспрыяць тэрміноваму пахаваньню парэшткаў, якія валяліся па лесе без належнага догляду і пашаны.
Паводле актывіста, просьбы пра сумесныя дзеяньні дзеля ўшанаваньня рэпрэсаваных грамадзянаў і стварэньня на месцы расстрэлаў мэмарыялу ахвярам сталінскага рэжыму цалкам ігнараваліся прадстаўнікамі ўлады. На працягу трох гадоў замест спрыяньня чыноўнікі, наадварот, зацягвалі працэс высьвятленьня акалічнасьцяў трагічных падзеяў мінуўшчыны і нават пахавалі знойдзеныя ва ўрочышчы парэшткі 172-х забітых як нібыта ахвяраў фашыстаў. Нагадаў спадар Ян і пра тое, што аж дагэтуль чыноўнікі не далі дакладнага адказу пра знаходжаньне парэшткаў 66-ці рэпрэсаваных, якія зьніклі бясьсьледна.
З улікам вышэй згаданых фактаў, распавёў кіраўнік ініцыятывы “Хайсы” ў судзе, і было прынятае рашэньне пахаваць косткі без дазволу, бо глядзець на лес, дзе валяюцца чалавечыя чарапы і фрагмэнты шкілетаў, не дазваляла сумленьне і здаровы сэнс. Разьлічваць на тое, што актывістам дазволяць самастойна пахаваць парэшткі, не даводзілася. Да таго ж дазвол можна было атрымаць толькі пры наяўнасьці даведкі аб сьмерці, што немагчыма ў прынцыпе.
Далей спадар Дзяржаўцаў паспрабаваў давесьці, што для пахаваньня парэшткаў гэтае месца было абранае ня ім, а прадстаўнікамі даваеннай савецкай адміністрацыі, якія стварылі ва ўрочышчы спэцаб’ект НКВД па зьнішчэньні гэтак званых “ворагаў народу”. Патлумачыў ён і тое, што расстрэльвалі людзей ня толькі у тых трох лякальных месцах, дзе двойчы працавалі вайскоўцы 52-га батальёну. Плошча, на якой чыніліся забойствы, была значна шырэйшая. Таму месца для ініцыяванага ім пахаваньня хоць і было крыху на адлегласьці ад дасьледаваных летась магілаў, тым ня менш было абранае не адвольна, а ў адной са старых ямінаў на ўскрайку лесу перад вялікім полем, якое, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, выкарыстоўвалася таксама як расстрэльны ўчастак.
Сьведкі, заяўленыя актывістам, – Тацяна Севярынец, Аляксей Нікіцін і іншыя, – зьвярнулі ўвагу на маральны аспэкт зробленага. Яны падтрымалі кіраўніка грамадзкай ініцыятывы, пацьвердзіўшы, што парэшткі ніхто не выкопваў, а засталіся яны ў лесе пасьля нядбалай працы вайскоўцаў. Пацьвердзілі сьведкі і тое, што пахаваньне адбылося на ўзлеску, які мо' і належыць прадпрыемству “Мазалавагаз”, але ніколі не выкарыстоўваўся па сельгаспрызначэньні, бо з трох бакоў акружаны дрэвамі.
Са свайго боку прадстаўніца райвыканкаму Кацярына Воінава працягвала настойваць, што пахаваньне недазволенае, і парушальніка трэба пакараць як мае быць.
Апэлюючы ёй, кіраўнік ініцыятывы “Хайсы” далей намагаўся пераканаць суд у сваёй невінаватасьці, кажучы, што ягонае фармальнае правапарушэньне вынікае з амаральнасьці паводзінаў чыноўнікаў, якія тры гады ня ішлі на супрацоўніцтва з грамадзкасьцю і дагэтуль не аддалі зямлі эксгумаваныя парэшткі.
Аднак спасылкі на маральны бок учыненага не паўплывалі на рашэньне судзьдзі. У выніку Ян Дзяржаўцаў быў прызнаны вінаватым у пахаваньні, не дазволеным уладамі, і прысуджаны да штрафу ў пяць базавых велічыняў (122,5 рубля).
Грамадзкі актывіст з рашэньнем суду ня згодзен і пасьля працэсу адзначыў, што яно носіць выключна заказны характар. Паводле яго, гэта пакараньне за тое, што праз працу сяброў ініцыятывы пра брудныя справы савецкай улады ў ваколіцах Віцебску стала вядома ня толькі мясцовым жыхарам, але і ўсёй беларускай грамадзкасьці.
С. Горкі