Журналісты былі асуджаныя Докшыцкім і Пастаўскім раённымі судамі паводле артыкулу 22.9 КаАП, частка 2 за нібыта працу без акрэдытацыі на тэлеканал Белсат. Прычым Зьміцер быў пакараны абодвума згаданымі судамі: 27 сьнежня 2017 году Докшыцкі суд прысудзіў яму 40 базавых велічынь штрафу, а 9 студзеня 2018 году Пастаўскі – 25. Тацяне пашанцавала больш – ёй Докшыцкі суд прызначыў пакараньне ў 25 базавых.
Падставай для разгляду першай справы ў Докшыцкім райсудзе стаў сюжэт пра адсутнасьць прыпынку нядаўна пушчанага экспрэс-цягніка Менск – Полацак на станцыі Параф'янава, паказаны на Белсаце. У сюжэце распавядалася пра збор мясцовымі жыхарамі подпісаў за захаваньне прыпынку. Хоць у кадры ні Зьміцер, ні Тацяна не прысутнічаюць, але, тым ня менш, суд палічыў іх вінаватымі ў працы без акрэдытацыі на тэлеканал.
Нагоду для судовага разбору па другой справе даў матэрыял пра праблемы ў сельскай гаспадарцы ў раёне і дэфіцыт угнаеньняў.
Смалякова Ірына Васільеўна і Іванова Сьвятлана Пятроўна, судзьдзі абласнога суду, якія вялі працэсы паасобку, падышлі да разгляду справаў чыста фармальна. Яны нічога ня сталі зачытваць з матэрыялаў адміністрацыйных справаў, а толькі агучылі загадзя падрыхтаваныя рашэньні.
Саміх журналістаў, супраць якіх былі вынесеныя рашэньні, на судзе не было. Менавіта ў гэты дзень у Докшыцкім раённым судзе разглядалася чарговая падобная справа супраць Зьмітра Лупача. Затое ў Віцебску на суд прыйшлі іх мясцовыя калегі-журналісты зь Беларускай асацыяцыі журналістаў.
На думку журналістаў, такія справы ёсьць нічым іншым, як спробай прыдушыць свабоду слова ў Беларусі (нагадаем, што толькі за 2017 год па абвінавачаньнях у працы без акрэдытацыі Зьмітра Лупача суд штрафаваў 4 разы, а Тацяну Смоткіну двойчы). І блякіроўка Хартыі-97 добра кладзецца ў гэты трэнд. У такой сытуацыі салідарнасьць зьяўляецца як ніколі неабходнай.
У прыватнасьці, Павал Левінаў, віцебскі праваабаронца і журналіст, заявіў судзьдзі, што і ён зьяўляецца пацярпелым па гэтай справе. І затым растлумачыў прысутным, што адміністрацыйныя справы супраць незалежных журналістаў абмяжоўваюць яго права на атрыманьне свабоднай інфармацыі, а значыць, ён ёсьць пацярпелым. Як, зрэшты, і ўсе грамадзяне Беларусі.
Акрамя таго, найбольш неабыякавыя журналісты арганізавалі ў падтрымку невялікі пэрформанс, прынёсшы ў суд вялікую раздрукаваную фатаграфію Лупача з надпісам пра яго штрафы.
Вядома, салідарнасьць і актыўнасьць людзей можа дапамагчы дагрукацца да сумленьня судзьдзяў і чыноўнікаў. Але ня гэтым разам. Абласны суд не скасаваў рашэньняў Докшыцкага і Пастаўскага раённых судоў і пакінуў скаргі журналістаў нездаволенымі. Ці значыць гэта, што віцебскія судзьдзі падтрымалі сваіх раённых калегаў у справе задушэньня свабоды слова? Або ўсё-ткі суды ў нас незалежныя, а рашэньні іх справядлівыя? Пытаньні, як той казаў, рытарычныя.
https://vitebskspring.org/news/administracyiny-perasled/item/2659-vitsebski-ablasny-sud-ne-zadavoliu-skargi-nezalezhnykh-zhurnalistau#sigProId8e2f06340b
Уладзімер Бяляўскі