Прадметам судовага разбору быў відэасюжэт «Фэрмэр пра дэфіцыт угнаеньняў: прасьцей скрасьці, чым купіць», паказаны на тэлеканале «Белсат». Сюжэт тычыўся праблемы, якая існуе ў сельскай гаспадарцы: угнаеньні гадамі ляжаць на складох, бо калгасы ня маюць грошай, каб іх набыць - але й фэрмэрам-прыватнікам прадаваць іх не дазваляюць.
У судзе Зьміцер Лупач ня стаў адмаўляць, што добра знаёмы з фэрмэрам, які ў кадры крытыкуе гэтую зьяву. І падкрэсьліў, што Канстытуцыя гарантуе кожнаму чалавеку права на распаўсюд інфармацыі. Таму, маўляў, ён зьняў на камэру камэнтар абуранага фэрмэра і даслаў запіс на тэлеканал «Белсат».
Судзьдзя Пастаўскага райсуду Натальля Максімовіч прызнала Зьмітра Лупача вінаватым у парушэньні 2-й часткі артыкулу 22.9 КаАП («Парушэньне заканадаўства аб СМІ») і вынесла пастанову пра штраф для журналіста.
Штраф памерам 20 базавых велічынь, прысуджаны на пачатку новага году, аказаўся меншы за леташнія. На працягу мінулага году Зьмітра Лупача прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за супрацу зь «Белсатам» 4 разы ды штрафавалі на 30, 35 і 40 базавых велічынь, што склала агулам 3105 рублёў.