У судзе Ігар Пастноў настойваў, што ня меў на мэце парушаць закон. “Высокі суд, калі б там усё было па законе, то клянуся вам, што я тут жа пайшоў бы ў машыну і паехаў бы на гэтую шпіталізацыю”, - сьцьвярджаў абвінавачаны і прасіў улічыць, што гэта ягоная першая адміністрацыйная справа за 50 гадоў жыцьця.
Паясьніў суду, што ў сьледчым камітэце, куды яго выклікала па тэлефоне сьледчая Хрысьціна Казімірская, было парушанае ягонае права на адваката і пастаўленыя пад пагрозу ягоныя жыцьцё і здароўе. Бо ў выпадку, калі яму стала блага, сьледчая выклікала ня хуткую дапамогу, а міліцыю. Акрамя таго, гэтак і ня выдала доктару кнігу скаргаў, аб чым той прасіў неаднаразова.
У судзе Ігар Пастноў азнаёміўся з матэрыяламі справы
Высьветлілася таксама, што Пастнову ня выдалі на рукі копію адміністрацыйнага пратаколу. Судзьдзя Белавус задаволіў хадайніцтва Пастнова азнаёміцца з матэрыяламі справы, пасьля чаго Ігар Пастноў заявіў, што пратакол утрымлівае шмат выпраўленьняў, складзены неахайна і нечытэльна.
“Я лічу гэта непавагай да суду”, - сказаў Пастноў.
Сьведка-міліцыянт: “Ня памятаю...”
Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС капітан міліцыі Канстанцін Іваноў, які затрымліваў Пастнова і складаў пратакол, прызнаўся падчас працэсу, што рабіў выпраўленьні, бо мае невыразны почырк і хацеў, каб ён быў больш зразумелы для суду. Пры гэтым ня мог адразу адказаць, які дакумэнт склаў у першую чаргу – рапарт ці пратакол.
На пытаньне, чаму ня выдаў абвінавачанаму на рукі копію пратаколу, адказаў, што “празь мітусьню” і вялікую колькасьць дакумэнтаў. Заявіў таксама, што “ня памятае”, ці прасіў Пастноў выклікаць “хуткую” па дарозе да машыны. “Ня памятаў” і пра тое, як (са слоў абвінавачанага) раіў сьледчаму прымяніць да Пастнова арт. 108 КПК РБ аб затрыманьні. Гэтага зроблена не было. Але згадзіўся з доктарам, што той не аказваў яму асаблівага супраціўленьня, калі праводзіў яго ў кайданках да службовага аўто.
У судзе таксама выступіла сьведка з боку абвінавачанага.
Пастноў: “Я - законапаслухмяны грамадзянін”
Напрыканцы Пастноў яшчэ раз запэўніў суд, што ён “законапаслухмяны грамадзянін” і гатовы прайсьці праз дэтэктар хлусьні. “Я сапраўды патрабаваў выкананьня маіх законных правоў. Калі б яны былі выкананыя, дык ніякіх бы пытаньняў ня ўзьнікла”, - сьцьвердзіў Ігар Пастноў.
У выніку судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Ільля Белавус сваім рашэньнем скасаваў адміністрацыйную справу, распачатую супраць Ігара Пастнова паводле арт. 23.4 КаАП РБ - праз адсутнасьць складу правапарушэньня. Пасьля абвяшчэньня вэрдыкту 49-гадовы доктар-праўдаруб заплакаў…
Нагадаем, што супраць Ігара Пастнова заведзеная крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 400 КК (заведама фальшывы данос аб зьдзяйсьненьні злачынства).
Камэнтар праваабаронцы: “Судзьдзя змог разабрацца ў матэрыялах справы”
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў назваў гэтае рашэньне справядлівым.
“Мы ўжо даўно перасталі чакаць ад нашых судоў апраўдальных рашэньняў. Але гэта адзін зь нямногіх прыемных выпадкаў, калі судзьдзя змог разабрацца ў матэрыялах справы, якія ўтрымлівалі вялікую колькасьць выпраўленьняў і недакладнасьцяў. І, магчыма, угледзеў у іх некаторыя элемэнты фальсыфікацыі”, - зазначыў Левінаў.
“З прававога пункту гледжаньня ў дзеяньнях Ігара Пастнова сапраўды адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэньня, таму што сама міліцыя, само сьледзтва, якое ініцыявала ўвесь гэты працэс, ня выканалі патрабаваньняў заканадаўства: не азнаёмілі Пастнова пад росьпіс зь неабходнымі дакумэнтамі і г.д. І я мяркую, што менавіта на гэтай падставе судзьдзя вынес сёньня станоўчы для абвінавачанага вэрдыкт”, - дадаў праваабаронца.
Зьміцер Міраш