«Па гэтым факце прызначаная праверка. Будуць прызначаныя неабходныя экспэртызы. Мужчыны напісалі заявы ў Сьледчы камітэт і ўпраўленьне ўнутраных справаў. Пасьля заканчэньня праверкі грамадзкасьць будзе азнаёмленая зь яе вынікамі», – паведаміла афіцыйная прадстаўніца УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Шкуратава.
Іншыя падрабязнасьці афіцыйна не паведамляюцца. Але ўдзельнікі гэтай гісторыі – Уладзімер Ягораў і Сяргей Гарэлікаў – паведамілі сваю вэрсію падзеяў і паказалі фотаздымкі зьбіцьця.
Уладзімер Ягораў
Сяргей Гарэлікаў
Усё адбылося ў ноч на 27 ліпеня на ўскраіне Віцебску. Кампанія зь пяцярых чалавек адпачывала на прыродзе ля прыпаркаванай машыны ў раёне рачнога порту. Кажуць, знарок выбралі бязьлюдны заводзкі раён, каб нікому не замінаць. У нейкі момант зьявілася міліцыя.
– Сказалі зрабіць музыку ў аўтамабілі цішэй, мы пагадзіліся і зрабілі цішэй. Потым сказалі, што мы тут расьпіваем алькаголь і парушаем грамадзкі парадак. Хаця побач ніводнага жылога дому, – распавядае Ўладзімер Ягораў.
Мужчына ня ўтойвае: апрача кіроўцы аўтамабіля, іншыя чацьвёра мужчын былі п'яныя. Яны напярэдадні адпачывалі ў бары, а потым знаёмы адвёз іх на сьвежае паветра.
– Побач знаходзіцца канечная станцыя аўтобусаў, там валяліся чужыя стопкі. І нам заявілі, што гэта нашы. Мы адмаўлялі, пачалася слоўная спрэчка. На што міліцыянт сказаў «Я ўсё зразумеў, чэрці» і выклікаў АМАП.
– З намі размаўлялі ў грубым тоне і заўсёды зьвярталіся на «ты», – дадае яго прыяцель Сяргей Гарэлікаў.
У выніку трох чалавек пасадзілі ў міліцэйскі «ўазік». Яшчэ двое засталіся ў асабістым аўто, пры гэтым кіроўца ўключыў камэру на тэлефоне.
– Супрацоўнік АМАП выцягнуў сябра з-за стырна, зламаўшы пры гэтым перамыкач дворнікаў, распыліў пярцовы балёнчык, забраў у яго тэлефон і выдаліў відэа. А пасьля гэтага пачаў зьбіваць. Я пачаў крычаць з «уазіку»: «Што яны робяць!» і «Што за чорт такі!». І тады ўжо мяне «задзьмулі» балёнчыкам, паклалі на асфальт і білі дручкамі некалькі хвілін. Пры гэтым зламалі руку. На галах у мяне суцэльны сіняк, на здымках відаць. Цалкам разьбілі тэлефон (ён быў у кішэні. – рэд.). У майго сябра на целе і твары – сьляды ад дручкоў.
Паводле словаў віцебчука, відавочцамі здарэньня былі сама меней 11 чалавек: пяцёра сяброў, трое супрацоўнікаў АМАП і трое міліцыянтаў.
Паводле ўдзельнікаў канфлікту, балёнчык з газам распылялі некалькі разоў – нават ва «ўазік» з затрыманымі. Пры гэтым нібыта АМАПавец растлумачыў: «Каб весялей сядзелася».
– Калі распылялі газ, вы перад гэтым аказвалі супраціў супрацоўнікам? – цікавімся ў Сяргея Гарэлікава.
– Я крычаў увесь час «Завошта?» і «Вы ня маеце права!», «Чаму вы гэтак робіце?». У адказ мне сказалі, што калі буду працягваць, то і яны працягнуць.
– У пастарунку нам заявілі, што «наступным раз акунём галавой у туалет». Я мяркую, гэта запалохваньне. Гэта ўсё казалася пры маіх сяброх, – кажа Ўладзімер Ягораў.
Мужчыны ўжо зьнялі пабоі, падалі заяву па факце зьбіцьця і ўжо гутарылі са сьледчымі. Некаторыя здымкі траўмаў падаюцца ў матэрыяле, іншыя з этычных меркаваньняў разьмешчаныя па асобных спасылках: фота № 1 і фота № 2.
Фота: Уладзімер Ягораў
Ноч напярэдадні вызваленьня мужчыны правялі ў Першамайскім РАУС Віцебску. Там на ўсіх пяцярых склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 17.1 (дробнае хуліганства), а таксама паводле 23.4 (непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі) – на траіх зь іх.
Суд па гэтых матэрыялах адклалі да 8 жніўня – АМАП чакаюць там у якасьці сьведак па справе.
Цяпер пацярпелыя праходзяць лекаваньне.
Ксенія Ельяшэвіч, news.tut.by
Фото: Уладзімер Ягораў