Абвінавацілі Юрыя паводле артыкулу 23.34, частцы 2 як арганізатара несанкцыянаванага маршу «недармаедаў», які прайшоў у горадзе 26 лютага і стаў самай масавай народнай акцыяй за ўсю найноўшую гісторыю гораду.
Як ужо стала завядзёнкай, суд прайшоў безь сьведкаў і адваката, а абвінавачаньні будаваліся на відэазапісах i складзеных міліцыянтамі пратаколах. Акрамя звыклай «справы», на стале перад судзьдзёй ляжаў запячатаны скрутак з тоўстай паперы. Як выявілася, гэта быў бел-чырвона-белы сьцяг, які фігураваў як прылада зьдзяйсьненьня правапарушэньня.
Зыходзячы з матэрыялаў справы вынікала, што на плошчы Перамогі Юры сабраў вакол сябе шмат людзей, а пасьля, арганізаваўшы іх у калёны і трымаючы ў рукох на дрэўцы бел-чырвона-белы сьцяг, павёў іх па цэнтры гораду да плошчы Леніна, дзе і правёў мітынг. Акрамя гэтага на ўсім шляху руху ён выкрыкваў лёзунгі: «Нет декрету номер три! Лукашенко, уходи!», «Хто галоўны дармаед? – Гэта наш прэзыдэнт!», «Жыве Беларусь!», «Баста!».
У сваё апраўданьне Юры заявіў, што ён прыехаў у горад у якасьці падарожніка і нікога тут ня знае, а таксама ня ведае самога гораду, таму ён ня мог арганізаваць такую масавую акцыю, нават калі б і захацеў. Паводле яго словаў, на акцыі было ня менш за 4000 чалавек.
У выніку судзьдзя Жарыкава Алеся Сяргееўна прадказальна прыняла рашэньне падвергнуць хлопца пакараньню ў выглядзе 15-ці сутак адміністрацыйнага арышту. Юрыя ўзялі пад варту наўпрост у залі суду. Больш таго, быў вынесены прысуд і самому бел-чырвона-беламу сьцягу: гістарычны сымбаль Беларусі, які судзьдзя назвала палотнішчам, быў «асуджаны» на «зьнішчэньне».
Уладзімер Бяляўскі