Павал Левінаў быў затрыманы 26 сакавіка на плошчы Перамогі і дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску, дзе на яго былі складзеныя два пратаколы: за ўдзел у акцыі 25 сакавіка «Дзень Волі» і ў маршы «недармаедаў» 26 сакавіка. Суд над ім, як і над астатнімі затрыманымі за ўдзел у гэтых акцыях, мусіў адбыцца 27 сакавіка, але ўначы ў ізалятары часовага ўтрыманьня яму стала блага, і ён на «хуткай» быў дастаўлены ў кардыялягічнае аддзяленьне першага гарадзкога шпіталя, дзе ў далейшым праходзіў курс лекаваньня.
На працэсе 17 красавіка сам праваабаронца не прысутнічаў, а яго інтарэсы прадстаўляў родны брат Андрэй. На пытаньне судзьдзі, чаму не прыйшоў Павал Левінаў, яго брат растлумачыў, што ў цяперашні момант ён праходзіць курс лекаваньня ў Кіеўскім кардыялягічным цэнтры і таму просіць суд перанесьці паседжаньне, пакуль ён не вернецца. Але судзьдзя адхіліла гэтую просьбу, матываваўшы сваё рашэньне тым, што не прадстаўлена пацьвярджальных дакумэнтаў, а вуснага паведамленьня Андрэя не дастаткова, каб лічыць яго за праўду.
На працэс не былі выкліканыя сьведкі, хоць пра гэта прасіў Левінаў, а ўсё абвінавачаньне будавалася толькі на складзеных пратаколах і кароткіх відэазапісах, на якіх відаць, што Павал толькі ходзіць па плошчы і нічога асаблівага ня робіць. Акрамя таго да матэрыялаў справы быў далучаны дакумэнт, зь якога вынікае, што Павал Левінаў быў афіцыйна накіраваны Беларускім Хэльсынскім Камітэтам на згаданыя акцыі з мэтай маніторынгу сытуацыі і фіксаваньня фактаў парушэньня правоў чалавека. На судзе таксама высьветлілася, што Павал зьяўляецца яшчэ пазаштатным карэспандэнтам «Віцебскага Кур'ера» і быў накіраваны на плошчу па рэдакцыйным заданьні. Таму выснова напрошваецца сама сабой, што ён ня браў удзелу ў масавых акцыях, а толькі выконваў свае службовыя заданьні. Як, напрыклад, і самі міліцыянты, якія прысутнічалі ў вялікай колькасьці на плошчы.
Гэтаксама ў матэрыялах справы былі дасланыя ў суд шматлікія лісты з просьбай спыніць над Паўлам адміністрацыйны працэс. За Паўла заступіліся Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Беларускі Хэльсынскі Камітэт, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і нават простыя грамадзяне Беларусі, якія паставілі свае подпісы пад адпаведным зваротам.
Але ўсе гэтыя нюансы не былі ўлічаныя, і судзьдзя Іна Грабоўская вынесла рашэньне пакараць Левінава арыштам тэрмінам на 15 сутак. Гэтае рашэньне можа падацца нелягічным, але толькі на першы погляд. Рэч у тым, што праваабаронцам і журналістам Леаніду Сьвеціку і Кастусю Мардзьвінцаву за ўдзел у гэтых жа акцыях ужо было вынесенае 27 сакавіка такое самае рашэньне, прычым Кастуся судзіла тая ж самая судзьдзя. Таму суд у асобе Іны Грабоўскай быў пасьлядоўным, а вынесенае рашэньня цалкам лягічным. Хоць у чымсьці ў прысутных у залі назіральнікаў ня ўзьнікла пытаньняў да суду.
https://vitebskspring.org/news/administracyiny-perasled/item/2260-pravaabarontsa-paval-levinau-pakarany-15-tsyu-sutkami-aryshtu#sigProIdba66986692
Уладзімер Бяляўскі