Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна паведаміла СМІ аб тым, што ў цяперашняй сітуацыі прамысловы комплекс найбольш пацярпеў ад санкцыйнага ціску. У цэлым па годзе ўладамі ацэньваецца недабор выручкі па прамысловасці каля 1 мільярда рублёў. Але на гэтым кепскія навіны аб стане рэгіянальнай эканомікі не скончыліся.

Індывідуальны прадпрымальнік з Быхава Канстанцін Дудзікаў быў затрыманы 16 верасня 2021г. і асуджаны паводле артыкулу аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). Спачатку яго асудзілі на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»), але 18 красавіка 2022 адбыўся яшчэ адзін суд, у выніку якога Канстанціну змянілі рэжым на пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нейкі час ён знаходзіўся ў СІЗА-1, а з 15 траўня 2022 г. быў пераведзены ў наваполацкую ПК № 1.

26 верасня ў судзе Оршы і Аршанскага раёну разбіралі справу Арцёма Новікава, які яшчэ 17 жніўня 2020 г. напісаў у Тэлеграме абразлівы каментар пра Аляксандра Лукашэнку. Падсудны на працэс не з’явіўся, бо ўжо даўно знаходзіцца за мяжой. Суддзя Юлія Вяршыніна скасавала справу супраць аршанца, што па цяперашніх часах з’яўляецца рэдкім выключэннем.

Праваабаронцы лічаць, што пяцёра са згаданых ва Указе суддзяў вынасілі пастановы абвінаваўчага характару ў дачыненні да грамадзян, якія выказвалі нязгоду з фальсіфікацыяй вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, маніпуляцыямі падчас лютаўскага рэферэндуму, а таксама пратэставалі супраць удзелу беларускіх вайскоўцаў ва ўзброеным канфлікце паміж Расіяй і Украінай.

Нядаўна для райцэнтра Гарадок былі набытыя 4 мікрааўтобусы МАЗ. Аднак яны аказаліся абсалютна непрыдатныя для паездак па 2-х мясцовых аўтобусных маршрутах. Нязручнасці стварае тая акалічнасць, што дзверы ў гэтай мадэлі аўтатранспарту адчыняюцца ўручную. Гэта вымагае дадатковага часу і збівае распрацаваны расклад. Да таго ж, у гэтых аўтобусах не прадугледжаны поручні, а падлога мае высокі выступ, што стварае неадольныя перашкоды для пасажыраў сталага веку, не кажучы ўжо пра асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч напісала ў Фэйсбуку, што ўжо месяц не атрымлівае лістоў ад мужа, які адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі. Жанчына мяркуе, што лісты могуць не праходзіць турэмную цэнзуру, бо Мікалай Статкевіч піша пра цяжкія ўмовы ўтрымання за кратамі і пра новы пазоў да групы асуджаных, у тым ліку і да яго самога, каб  спагнаць вялікую суму грошай «за дадатковую працу» сілавікоў падчас падзей 2020 году. Што да самога палітыка, то ён быў затрыманы яшчэ 31 траўня 2020 году ў Менску, калі ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.

Адміністрацыя Наваполацкай калоніі №1 трэціруе палітвязня Аляксандра Целяшмана. За дзесяць месяцаў знаходжання ў папраўчай установе па ініцыятыве кіраўніцтва ўстановы яе тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. Зараз, т.б. больш за месяц, ён знаходзіцца ў ШІЗА, куды быў змешчаны яшчэ 16 жніўня. Сваякі страцілі з ім сувязь, бо лісты ад яго даўно не прыходзілі. Прычыны па якіх палітвязень сурова пакараны звязаныя з невыкананнем ім рэжыму адбыцця пакарання.

Мясцовыя міліцыянты атрымалі распараджэнне звяртаць увагу на расейскія нумары аўтамашын на паркоўках і ўсталяваць кантакты з тымі, хто здае кватэры «на суткі», а таксама правяраць дакументы ў грамадзян прызыўнога ўзросту, якія па тых ці іншых прыкметах падаюцца падобнымі да ўцекачоў з-за ўсходняй мяжы. Новыя абавязкі на беларускіх сілавікоў усклалі пасля таго, як прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвесціў аб правядзенні мабілізацыі 21 верасня, і жыхары Расейскай Федэрацыі масава пачалі ўцякаць за межы сваёй краіны.

Дзяржаўнае прадпрыемства "Эксперыментальная база "Тулава" з 17 жніўня знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Яно мае 2 млн. рублёў доўгу, ёсць запазычанасці выплат у бюджэт і ў пенсіённы фонд. Але ліквідацыя сельгаспрадпрыемства адкрывае перад уладамі Віцебска магчымасць выкарыстання яго земляў пад камерцыйную забудову.

Актывіст-праваабаронца Павел Левінаў запытаўся ў Віцебскага гарвыканкама, ці можна яму правесці пікет на асабістай старонцы ў Facebook і размясціць там нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Аднак улады забаранілі Левінаву правесці масавае мерапрыемства з-за непісьменна аформленай заявы. Пра гэта паведамляе Hrodna.life.