У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску распачаўся працэс над журналісткай Таццянай Матвеевай, былой супрацоўніцай зачыненага найбуйнейшага беларускага інфармацыйнага партала. Яе вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаванні за размяшчэнне ў Фэйсбуку фотаздымка з малюнкам белага і чырвонага колераў. Суддзя Уладзімір Царыкаў распачаў судовае пасяджэнне, але яно скончылася менш як праз паўгадзіны – ён заўважыў памылкі ў пратаколе.

Яе вызвалілі пасля затрымання на 72 гадзіны, але на выхадзе далі позву ў Кастрычніцкі раённы суд. Таццяну Матвееву будуць судзіць паводле арт. 24.23 за нібыта незаконнае пікетаванне, а насамрэч за аватарку ў Фэйсбуку, аздобленую надпісам у белым і чырвоным колерах. Гэты здымак быў актуальны больш за год таму, але міліцыянты знайшлі яго сярод архіўных фота… Суд прызначылі на 11 гадзін 9 жніўня.

Былую супрацоўніцу найбуйнейшага навінавага парталу, абвешчанага экстрэмісцкім, затрымалі ўвечары 28 ліпеня. Міліцыянты прычакалі спадарыню Таццяну на вакзале, калі яна вярталася з камандзіроўкі. Дома ў яе быў праведзены ператрус, а ў аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёну на журналістку склалі пратакол за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 24.23 КаАП). Гэтую ноч затрыманая правяла ў ІЧУ, верагодна, што 29 ліпеня Таццяну Матвееву будуць судзіць.