Бок абвінавачання на судзе прадстаўляў супрацоўнік РАУС Кастрычніцкага раёну Уладзіслаў Шышкавец, які і склаў адміністрацыйны пратакол на журналістку. Ён напісаў, што жанчына размясціла ў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку «фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, публічна выражаючы асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця», не запытаўшыся дазволу ў райвыканкаму. Міліцыянт угледзеў у гэтым прыкметы несанкцыянаванага пікетавання і кваліфікаваў дзеянні Таццяны паводле артыкула 24.23 КаАП.
Журналістка патлумачыла суду, што фотаздымак з выявай сцяга, а таксама са словамі Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца» яна насамрэч размяшчала ў Фэйсбуку. Гэта была так званая «рамка», якой ахвотным прапануюць аздобіць асабістыя выявы. Аднак з моманту размяшчэння прайшоў прынамсі год, і гэты фотаздымак даўно не відаць наведнікам ейнай старонкі. Каб яго адшукаць, трэба зрабіць пэўную колькасць аперацый , а карыстальнікі Фэйсбуку зазвычай цікавяцца выключна навінамі.
Таксама Таццяна патлумачыла, што ведала пра небяспеку наяўнасці падобных фотаздымкаў, але проста забыла яго выдаліць. Цяпер яна гэта зрабіла. Але журналістка падкрэсліла, што не лічыць сябе парушальніцай заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, бо на момант размяшчэння малюнка бел-чырвона-белы сцяг яшчэ не быў абвешчаны «экстрэмісцкім», і што гэтая выява хоць і адпавядае яе перакананням, але не размяшчалася з намерам нешта дэманстраваць.
Таццяна Матвеева заявіла, што лічыць складанне пратаколу за адміністрацыйнае правапарушэнне «наўпроставай помстай за супрацоўніцтва з парталам, які чыталі ўсе – ад міністра да апошняга жабрака». І што ў пратаколе не прыводзіцца ніводнага доказу, што размяшчэнне фотаздымка з малюнкам
прынесла шкоду грамадству або Рэспубліцы Беларусь, а таксама там няма звестак, ці бачыў гэты здымак хоць нехта ўвогуле. На гэтай падставе яна папрасіла спыніць справу.
У сваю чаргу суддзя Уладзімір Царыкаў звярнуў увагу на іншыя дэталі ў пратаколе. Ён заўважыў, што там няправільна запісана месца нараджэння Таццяны Матвеевай, і што няма спасылкі на канкрэтны артыкул заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, які журналістка парушыла. Таму суд пастанавіў вярнуць справу на дапрацоўку.
Варта асобна падкрэсліць той факт, што суддзя настойліва распытваў, ці няма супраць журналісткі іншых распачатых справаў. Бо маёмасць Таццяны Матвеевай, забраную падчас ператрусу 28 ліпеня, ёй дагэтуль не вярнулі. На што супрацоўнік міліцыі Уладзіслаў Шышкавец адказаў, што ў межах адміністрацыйнай справы маёмасць не забіралі. А падчас ператрусу жанчыне патлумачылі, што яго праводзяць у межах крымінальнай справы, распачатай за падбухторванне да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады. Свайго статусу ў гэтай справе Таццяна Матвеева не ведае, між тым у яе былі забраны кампутар, два мабільныя тэлефоны, бел-чырвона-белая і жоўта-блакітная стужкі, значок у белых і чырвоных колерах, паштоўку, выдадзеную да стагоддзя БНР, некалькі кніжак і лістоў.
Жанна Жалейка
Аўторак, 09 Жнівень 2022
Адміністрацыйную справу журналісткі Таццяны Матвеевай накіравалі на дапрацоўку ў міліцыю
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску распачаўся працэс над журналісткай Таццянай Матвеевай, былой супрацоўніцай зачыненага найбуйнейшага беларускага інфармацыйнага партала. Яе вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаванні за размяшчэнне ў Фэйсбуку фотаздымка з малюнкам белага і чырвонага колераў. Суддзя Уладзімір Царыкаў распачаў судовае пасяджэнне, але яно скончылася менш як праз паўгадзіны – ён заўважыў памылкі ў пратаколе.
Апублікавана ў
Адміністрацыйны перасьлед