Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Напярэдадні, 18 траўня, у мінскі і рэгіянальныя офісы партала TUT.BY, а таксама дамой да часткі супрацоўнікаў прыйшлі сілавікі, каб правесці вобшукі. Таксама яны праходзілі ў офісах Hoster.by і Av.by. Дэпартамент фінансавых расследванняў КДК паведаміў, што супраць TUT.BY узбуджана крымінальная справа па факце ўхілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Больш за дзясятак журналістаў, супрацоўнікаў TUT.BY, партнёраў перасталі выходзіць на сувязь. Частку бліжэй да ночы вызвалілі, але як мінімум 10 чалавек застаюцца затрыманымі.

  • галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава - затрыманая на 72 гадзіны, у статусе падазраванай;
  • генеральная дырэктарка TUT.BY Людзміла Чэкіна;
  • галоўная бухгалтарка TUT.BY Анжэла Асад;
  • намесніца дырэктаркі TUT.BY Ірына Рыбалка;
  • кіраўніца распрацоўшчыкаў TUT.BY Ала Лапатка;
  • юрыстка TUT.BY Кацярына Ткачэнка;
  • журналістка Алена Талкачова - затрыманая на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна;
  • рэдактарка Вольга Лойка - затрыманая на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна;
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў;
  • дырэктарка RocketData Дар'я Данілава (Дачка заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Яўгенія Чарняўская ў Facebook паведамляе, што Дар'я ў СІЗА КДБ).

Дагэтуль ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская. Таксама няма сувязі з намесніцай галоўнага бухгалтара Марыяй Новік.

Затрыманага каля офісу TUT.by журналіста "Беларусы і рынак" Арцёма Маёрава 19 траўня будуць судзіць за «дробнае хуліганства». 

У офіс TUT.by і да журналістаў прыйшлі сілавікі

Храналогія падзей 18 траўня

Віцебск

"Віцебская Вясне" стала вядома, што затрыманых 17 траўня ў Наваполацку давераную асобу Ціханоўскай Алену Радзькову і актывіста Артура Сінегу падазраюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па пакуль непацверджанай інфармацыі, яны могуць зназодзіцца ў СІЗА№2 у Віцебску. 

radzkova.jpg
Алена Радзькова

Ваўкавыск

Суд Ваўкавыскага раёна прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал "Ваўкавыск для жыцця Чат", паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. З просьбай прызнаць ТГ-канал экстрэмісцкім звярнулася пракуратура Ваўкавыскага раёна.

Ліда

Наяпрэдадні ўвечары ў Лідзе быў затрыманы Сяргей Сёмуха. Верагодна, справа датычыцца абразы суддзі Філатава ў пасце ў "Аднакласніках". Зараз Сёмуза ўтрымліваецца ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання.

Будзе дапаўняцца

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі 19 траўня