У Віцебску, як і ва ўсёй краіне, 12 лістапада а 10-й раніцы адчыніліся ўчасткі для датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў у ніжнюю палату беларускага парламенту. "Віцебская Вясна" паназірала, як стартавала галасаванне на тыповым участку №4 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19.

Участковая выбарчая камісія ўчастку №4 арганізаваная па вытворчаму прынцыпу і складаецца з 13 чалавек. У яе складзе – сем працаўнікоў будаўнічага трэсту №9. А на чале камісіі – сам генеральны дырэктар трэсту Уладзімер Ленчыкаў. Астатнія сябры камісіі – гэта пэнсіянэры, супрацоўнікі СШ №2 ды іншых прадпрыемстваў гораду.

Да пачатку датэрміновага галасавання камісія зарэгістравала сем назіральнікаў – прадстаўнікоў дзяржаўных грамадзкіх аб'яднанняў і прафсаюзаў.

Кіраўніцтва ўчастковай камісіі паведаміла, што міжнародныя назіральнікі іх яшчэ не наведвалі і з іхняй працай не знаёміліся.

Як расказаў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Свецік, інтэнсіўнасць галасавання выбаршчыкаў у першы дзень была слабая. Гэтак, за першую гадзіну датэрмінова прагаласавалі толькі чатыры чалавекі. Усе – мужчыны. Жанчыны ў першай палове дня наогул не прыходзілі на ўчастак.

Паводле сакратара выбарчай камісіі Юліі Казловай, галасаваць па-за ўчасткам выказалі жаданне аж 140 выбарцаў. Гэта 20% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў на гэтым участку (усяго – 787).

Назіральнік выказвае сумненні наконт таго, ці ў камісіі хопіць рэсурсаў для забеспячэння галасавання на даму такой вялікай колькасці ахвотных.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: У Віцебску пачалося датэрміновае галасаваньне: пакуль што млява – фота