Як паведамляе "Віцебская Вясна", у судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 22 кастрычніка разгледзелі адміністрацыйную справу аб пашкоджанні маёмасці – на лаве падсудных апынуўся панамар адной з праваслаўных цэркваў у Віцебску Анатоль Шлыкаў.
Інцыдэнт адбыўся 29 верасня ў цэнтры Віцебску падчас пікету па зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў, на якім прысутнічаў лідэр партыі “Народная Грамада” Мікалай Статкевіч. Шлыкаў падышоў да пікетоўцаў і зламаў дрэўка бел-чырвона-белага сцяга. Удзельнікі акцыі выклікалі міліцыю, якая ў дачыненні да нападніка склала пратакол паводле арт. 10.9 КаАП (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).
На судовым працэсе пазоўнік Аляксандар Якушкоў прасіў суд спагнаць з абвінавачанага за зламаны сцяг 20 рублёў матэрыяльнай шкоды. Настойваў таксама на маральнай кампенсацыі за знявагу бел-чырвона-белага сцяга.
Анатоль Шлыкаў патлумачыў на судзе, што ішоў міма “сіняга дому” і ўбачыў стэнд з надпісам “Лукашэнка павінен сысьці!” А таксама плакат з партрэтам Лукашэнкі, пад якім было напісана: “Спынім злачынцу! Абвінавачваецца ў асабліва цяжкіх злачынствах: дзяржаўная здрада, выкраданні і забойствы, рабаванне народа, крадзеж і карупцыя, прысваенне паўнамоцтваў, незаконнае пазбаўленне волі”. Гэты надпіс абвінавачанага вельмі абурыў, бо ён гарачы прыхільнік дзейнага прэзідэнта.
“На вачах усяго народа адбываецца знявага ўсенароднаабранага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Ці мог я прайсці міма і не адрэагаваць на такое бязмежжа? Канешне, не!” – заявіў на судзе Шлыкаў.
Паводле яго словаў, бел-чырвона-белыя сцягі стваралі мінакам пагрозу. І каб пазбегнуць небяспекі, ён вымушаны быў “прыняць меры”.
Шлыкаў папрасіў суд далучыць да справы свае пісьмовыя тлумачэнні, фотаздымкі з інтэрнэту і нават раздрукоўку артыкула з сайту “Віцебская Вясна”, у якім расказваецца пра інцыдэнт.
Выслухаўшы довады бакоў, суддзя Алена Цыганкова прызнала Анатоля Шлыкава вінаватым у наўмысным пашкоджанні маёмасці. Але пры гэтым пастанавіла спыніць адміністрацыйную справу праз “малазначнасць учыненага правапарушэння”. Ані штрафу, ані кампэнсацыі Шлыкаў за зламаны сцяг плаціць не будзе.
Пасля працэсу Анатоль Шлыкаў сказаў “Віцебскай Вясне”, што рашэннем суда цалкам задаволены.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Суд прызнаў вінаватым праваслаўнага панамара, які зламаў сцяг на пікеце ў Віцебску