Раман Ляўкоўскі. Фота "Віцебскай Вясны" Полацкага блогера Рамана Ляўкоўскага (Geibal), які 14 кастрычніка заявіў, што яго катавалі ў міліцыі, выклікалі на наступны дзень у Полацкі міжраённы аддзел следчага камітэту. Паведамілі, што праверка па ягонай заяве будзе працягвацца да 10 дзён. Папрасілі таксама пакінуць для экспэртызы тэлефон, паведамляе "Віцебская Вясна".

“Душылі прафесійна…”

19-гадовы блогер Раман Ляўкоўскі з Полацку апублікаваў 14 кастрычніка відэаролік, у якім расказаў, як з яго здзекваліся ў аддзяленні міліцыі. Душылі, зневажалі і пагражалі “адвезці ў лес”, калі хоць каму пра гэта раскажа.

Наступным днём хлопец накіраваў адпаведныя заявы ў следчы камітэт і пракуратуру. У СК Раману выдалі пастанову аб прызначэнні судова-мэдычнай экспэртызы, але праходзіць яе хлопец адмовіўся. Сцвярджае, што слядоў задушэння на ягонай шыі ўсё роўна не засталося: “Душылі прафэсійна…”  

СК распачаў праверку па заяве блогера

16 кастрычніка з блогерам звязаліся па тэлефоне супрацоўнікі СК і папрасілі зайсці ў Полацкі аддзел следчага камітэту. Раман пагадзіўся.  

“Размаўлялі са мной карэктна, паведамілі, што ніякіх дзеянняў па маёй заяве яшчэ не праводзілася і што праверка фактаў, пра якія я пішу ў заяве, будзе працягвацца 10 дзён. Пра вынікі праверкі мне абавязкова паведамяць, сказалі”, – распавёў “Віцебскай Вясне” Раман Ляўкоўскі.

Таксама паведаміў, што ў яго хацелі забраць на экспертызу тэлефон, каб паспрабаваць аднавіць выдалены міліцыянтамі ролік. Паводле Рамана, следчыя сказалі, што гэты ролік можа паслужыць доказам таго, што паміж блогерам і супрацоўнікамі міліцыі сапраўды адбыўся канфлікт. Але аддаваць тэлефон ажно на 30 дзён палачанін адмовіўся, патлумачыўшы, што без тэлефона ён як без рук.

Раман расказаў, што на ўваходзе ў следчы камітэт ледзь не сутыкнуўся лоб у лоб з супрацоўнікам міліцыі Аляксандрам Лапаціным, тым самым, які напярэдадні пужаў хлопца, што і “абасцаць яго можа”, бо ўсё роўна ён нікому нічога не раскажа. Як мяркуе полацкі блогер, Лапаціна выклікалі ў следчы камітэт па ягонай заяве.

Ляўкоўскі кажа, што ніякіх папер у следчым камітэце не падпісваў.

Крыніца: Полацкага блогера Geibal выклікалі ў следчы камітэт – прасілі аддаць тэлефон