Любоў Кавалёва. Фота: ПЦ "Вясна" Напрыканцы лютага ў Брусэлі прайшоў 7-мы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання. Удзел у панэльнай дыскусіі форуму “Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць смяротнае пакаранне?” ўзяла і віцяблянка Любоў Кавалёва – маці расстралянага ў 2012 годзе Ўладзіслава Кавалёва. Па вяртанні ў Віцебск яна падзялілася з "Віцебскай Вясной" сваімі развагамі і назіраннямі.

Беларусь – крывавая пляма на мапе Эўропы

- Гэта ўжо другі кангрэс, на якім мне давялося ўдзельнічаць. Першы раз была ў 2016 годзе ў Осла. І вось за два з паловай гады, якія прайшлі з таго часу, яшчэ большая колькасьць краінаў адмовілася ад сьмяротнага пакараньня. Агулам 146 краінаў сьвету выракліся гэтай ганебнай практыкі. На жаль, Беларусь застаецца адзінай цёмнай плямай на мапе Эўропы. У працы сёлетняга кангрэсу бралі ўдзел прадстаўнікі Эўрапарлямэнту ды Савету Эўропы. Ад Беларусі ўдзельнічалі дзве дэлегацыі. Афіцыйную прадстаўлялі кіраўнік рабочай групы НС РБ па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакараньня Андрэй Навумовіч і намесьнік міністра замежных справаў Алег Краўчанка. Недзяржаўная дэлегацыя была прадстаўленая праваабаронцамі “Вясны” Валянцінам Стэфановічам і Андрэем Палудам. Беларускія праваабаронцы падалі альтэрнатыўны погляд на праблему. Яны цесна кантактуюць са сваякамі асуджаных, вывучаюць усе бакі праблемы смяротнага пакараньня. Менавіта праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што мараторый на сьмяротнае пакаранне альбо яе адмена залежыць выключна ад палітычнай волі кіраўніцтва краіны.

“Навошта тады дыялог?..”

- Калі шчыра, я не зразумела, які ўвогуле быў сэнс удзелу ў форуме афіцыйнай дэлегацыі. Яго хіба што можна выказаць адной фразай: “мы гатовыя да канструктыўнага дыялёгу”. Усё. Гэта, па сутнасці, і было адзіным адказам на канкрэтнае пытанне: “Што перашкаджае краіне адмяніць смяротнае пакаранне?” Адмяняць яго яны не збіраюцца. Дык навошта тады дыялог? Не разумею…”

“Уражаньне, што ўлады гандлююцца…”

- Якая сапраўдная прычына такой упартасьці афіцыйнага Менску? Я ня ведаю, што ім перашкаджае. У нас 13 артыкулаў Крымінальнага кодэксу прадугледжваюць смяротнае пакаранне, але сярод іх –толькі адзін за забойства. Астатнія 12 маюць у сваёй сутнасьці палітычную афарбоўку.

Разам з тым маем крымінальныя артыкулы, якія прадугледжваюць пажыцьцёвае зьняволеньне. Дык чаму б у такім разе такое ж самае пакараньне не прадугледзець па ўсіх “сьмяротных” артыкулах? Дзе лёгіка? Складаецца ўражаньне, што ўлады папросту гандлююцца і ні на якія саступкі ў пытаньні сьмяротнага пакараньня бязь зьдзелкі ня пойдуць…

“Што робяць улады, каб змяніць сітуацыю?..”

- У сваіх выказваньнях Навумовіч спасылаецца на рэфэрэндум 1996 году, які падтрымаў прынцып “вока за вока, зуб за зуб”. Але што робяць улады, каб зьмяніць сытуацыю?

Калі я не памыляюся, згодна з вынікамі нядаўніх апытаньняў, 50% беларусаў усё яшчэ падтрымліваюць пакараньне сьмерцю, нейкі адсотак – супраць. Але самае цікавае, што 23% нашых суайчыньнікаў увогуле ня ведаюць, што ў Беларусі дагэтуль караюць сьмерцю. Спадар Навумовіч кажа, што яны “вядуць працу з насельніцтвам”, але ж адзіная сустрэча ў Віцебску на гэтую тэму была арганізаваная зь ініцыятывы амбасады Вялікабрытаніі, Андрэй Навумовіч толькі далучыўся да яе. А я, дарэчы, нічога і ня ведала пра тую сустрэчу. Але ж хто, калі ня я, мусіла там прысутнічаць? Калі б не паведаміў адзін віцебскі праваабаронца, дык і не патрапіла б…

“Усё як у 1937-м годзе…”

- У іншых краінах можна гадамі падаваць справы на перагляд. У невінаватых людзей застаецца шанец. Там ня так хутка расстрэльваюць, як у Беларусі.

На форуме выступаў чалавек, які быў асуджаны на сьмерць і адседзеў у турме 27 гадоў. Ён распавёў, што дзякуючы сучасным экспэртным мэтадам пры пераглядзе ягонай справы была даведзеная ягоная невінаватасьць. І яго выпусьцілі! Ён атрымаў вялікую грашовую кампэнсацыю… У нас жа судовыя ўлады не прызнаюць сваіх памылак.

Нашых хлопцаў (мае на ўвазе асуджаных у 2012 годзе за тэракт у менскім мэтро – ВВ)  зьнішчылі праз  два месяцы. Сляды замяталі. І спадзявацца на перагляд справы не даводзілася. Такія падыходы даўно адрынутыя сусьветнай супольнасьцю. І таму імкненьне зразумець пазыцыю афіцыйнага Менску на форуме было сапраўды шчырым. Задавалася шмат пытаньняў, у тым ліку і новаму спэцдакладчыку ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

Прадстаўніца Генеральнага ўпраўленьня па правах чалавека і вяршэнства права Савету Эўропы Тацяна Тэрмачыч узгадала, што прысутнічала на тым судзе, які выносіў сьмяротны прысуд. Суд цягнуўся 10 хвілінаў. Гэта неверагодна, абуралася яна. У беларускіх судах няма ні спаборніцтва бакоў, ні адкрытасьці. Усё як у 1937-м годзе. Канваіры прывялі асуджанага, судзьдзя зачытаў прысуд... І ўсё…

“Нават у Расеі не караюць сьмерцю…”

- Калі слова далі мне, я сказала, што прысуд па той справе грунтаваўся на здагадках і меркаваньнях. Ніякіх доказаў не было. Сказала, што хлопцаў вельмі хутка расстралялі…

Выступіла таксама дачка Генадзя Якавіцкага, якая распавяла сітуацыю са сваім бацькам.

Калі дзяржава кажа пра сваю адкрытасьць і шчырасьць – дык чаму тады яе суды закрытыя? Чаму ўдасудовы пэрыяд на сьведкаў чыняць ціск? Чаму іх змушаюць гаварыць тое, што патрэбна пракуратуры? Нават у Расеі не караюць сьмерцю…

Крыніца: Любоў Кавалёва: Адмена смяротнай кары ратуе жыццё памылкова асуджаным