Звярнуўшыся ў Вярхоўны суд, жыхар Віцебску Андрусь Кешанюк дамогся вяртання яму бел-чырвона-белага сцяга, канфіскаванага згодна з пастановай па адміністрацыйнай справе па арт. 23.34 КаАП (парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах), піша "Віцебская вясна". Астатняя частка пастановы старшынём Вярхоўнага суду пакінутая без зменаў.
Грамадскі актывіст Андрусь Кешанюк пасля святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Раніцай 26 сакавіка ён хацеў павіншаваць сваіх былых калегаў, супрацоўнікаў віцебскага Белтэлекаму. Каля ўваходу ў будынак прадпрыемства, чакаючы іх, ён трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг. Павіншаваць іх не атрымалася, неўзабаве актывіста затрымалі.
На думку праваахоўнікаў, сваімі дзеяннямі ён парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, ды яшчэ не падпарадкаваўся законным патрабаванням міліцыянтаў. Пастановай суддзі Першамайскага райсуду Віцебску Андрусь быў аштрафаваны на 4 базавыя велічыні (98 рублёў) паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП і на 6 базавых (147 рублёў) паводле арт. 23.4 КаАП. Агульная сума штрафу склала 245 рублёў. Сцяг і дрэўка былі канфіскаваныя.
18 красавіка абласны суд, у якім Андрусь Кешанюк аспрэчваў рашэнне раённага суду, пакінуў адміністрацыйнае спагнанне бяз зменаў. Пасля гэтага актывіст звярнуўся са скаргай у Вярхоўны суд.12 лістапада старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала разгледзеў у парадку нагляду скаргу. Ён пастанавіў выключыць з рашэнняў суду Першамайскага раёну Віцебску і Віцебскага абласнога суду згадку пра канфіскацыю рэчавых доказаў. Бо такое адміністрацыйнае спагнанне не прадугледжанае ніводным з артыкулаў, паводле якіх актывіст быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Андрусь Кешанюк патлумачыў Віцебскай вясне:
“Мяне некалькі здзіўляе і трошкі радуе, што адмянілі ранейшыя пастановы адносна канфіскацыі маёй маёмасці: сцяга і дрэўка. А так – усё было зразумела загадзя. Што можна было чакаць ад гэтай сістэмы? Я і не чакаў нічога. Хаця Вярхоўны суд – гэта іншы ўзровень: кажуць, што часам рашэнні прымаюцца і на карысць людзей. Не ведаю, якія падводныя плыні ўплываюць на станоўчыя рашэнні, але кажуць, цуды здараюцца. У маім выпадку цуду не здарылася. Пэўна, плыні рухаліся як звычайна".
Крыніца: Вярхоўны суд прызнаў незаконнай канфіскацыю нацыянальнага сцяга