Пікет у Гродна. Фота: tut.by Як вядома, у Жэневе на працы 124-й сесіі Камітэта па правах чалавека ААН афіцыйная дэлегацыя абмяркоўвае сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Камітэт два дні запар задавала пытанні беларускім чыноўнікам аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі. Сыходзячы з іх адказаў, міжнародныя абавязальніцтвы, якія на сябе ўзяла Беларусь, выконваюцца. 

Тым часам у Беларусі вымалёўваецца зусім іншая карціна. Сістэматычна парушаюцца правы чалавека, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Правесці мірны сход у Беларусі па-ранейшаму амаль немагчыма.

Так, магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў планавалі правесці пікет салідарнасці з украінскім палітвязнем Алегам Сянцовым, які ўтрымліваецца ў расійскай калоніі. Мерапрыемства мусіла адбыцца 12 кастрычніка, у дзень прыезду ў Магілёў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Але магілёўскі гарвыканкам адмовіў мясцовым праваабаронцам на падставе таго, што нібы правядзенне мерапрыемства заяўлена не ў тым месцы.

«Адзіным месцам правядзення пікетаў, мітынгаў і сходаў, якія арганізуюць грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, вызначаны стадыён па вул. Чалюскінцаў, 64В», - пазначана ў рашэнні выканкама.

У межах Тыдня супраць смяротнага пакарання віцебскія праваабаронцы меркавалі зладзіць пікет супраць смяротнага пакарання. На гэты раз у заяўцы на яго правядзена было пазначана “правільнае месца”, то бок на пляцоўцы, адмыслова адведзенай рашэннем мясцовага выканкама №881 пад масавыя мерапрыемствы. Але ўсё роўна была атрымана адмова. У дадзеным выпадку на падставе таго, што да заяўкі на пікет не былі далучаны заключаныя дамовы з медыкамі і камунальнікамі.

“Пікет зноўку забаронены з фармальных прычынаў”, – кажа заяўнік забароненай акцыі Леанід Свецік.

У Светлагорску таксама парушаюцца правы на мірны сход. 7 кастрычніка актывісты планавалі  правесці мітынг супраць выкідаў новага завода беленай цэлюлозы. Аднак светлагорскі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне мірнага сходу абгрунтоўваючы гэта тым, што ў той жа час і ў тым жа месцы запланавана іншае масавае мерапрыемства - маладзёжнае першынства па футболе 1 лігі групы Б.

Аднак на самой справе ніякага мерапрыемства не праводзілася, аб чым паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова.

svetlagorsk_mityng_n.jpg
Згодна з рашэннем Светлагорскага выканкама, у гэты час мусіла тут адбыцца масавае мерапрыемства. Фота з фэйсбука Алены Маслюковай

Таксама ў Светлагорску за арганізацыю 15 верасня флэшмобу супраць дзейнасці завода беленай цэлюлозы грамадскі актывіст Анатоль Змітровіч і праваабаронца Алена Маслюкова былі пакараны штафам на 20 і 25 базавых велічыняў адпаведна.

Пры гэтым, старшыня Камітэта па правах чалавека ААН Юваль Шані выказаў занепакоенасць у дачыненні да рэжыма выдачы дазволаў на правядзенне мірных сходаў і прапарцыйнасці мераў абмежавання як па часе, так і па месцы правядзення такіх мерапрыемстваў.

Крыніца: Пакуль у Жэневе дзяржава кажа, што няма праблемаў з правамі, у Беларусі яны парушаюцца