Упершыню за апошнія шэсць месяцаў віцебскія праваабаронцы атрымалі ліст ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага, паведамляе "Віцебская вясна". Ён піша, што за апошнія паўгода накіраваў у Віцебск тры лісты, але ў адказ нічога не атрымаў. Гэтая акалічнасць здзіўляе віцебскага праваабаронцу Леаніда Свеціка.
“Сёлета я накіраваў Жамчужнаму пяць лістоў і адну віншавальную паштоўку. Пры гэтым ад яго не атрымаў аніводнага паведамлення. Мы з Міхаілам перапісваемся рэгулярна цягам ужо трох гадоў. І гэты факт наводзіць мяне на думку, што з боку ПК-9 назіраецца сістэматычнае парушэнне грамадзянскіх правоў палітвязня Жамчужнага”, – мяркуе Леанід Свецік.
Міхаіл Жамчужны паведаміў таксама ў лісце, што да 19 чэрвеня ён знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу, бо напрыканцы траўня яго пакаралі 10 суткамі знаходжання ў штрафным ізалятары – “нібыта за спазненне на дзве хвіліны пры выкананні каманды “Адбой”.
Насамрэч, сапраўднай прычынай пакарання стала просьба палітвязня да адміністрацыі даць яму магчымасць азнаёміцца з адказамі на скаргі па ягонай крымінальнай справе.
Аддзел уласнай бяспекі МУС па Віцебскай вобласці павінен быў расследаваць пададзеныя ў скарзе факты вымагання ў палітвязня хабару старэйшым оперупаўнаважаным Кастрычніцкага РАУС Віцебску Жукавым. Гэтыя дакумэнты, як мяркуе Міхаіл Жамчужны, далі б яму права на перагляд справы, беспярэчную рэабілітацыю і апраўданне.
“Дакументы я атрымаў у той жа дзень, таму што патрабаваў іх у прысутнасці пракурора. Але за гэта атрымаў 10 сутак ШІЗА”, – піша Жамчужны.
У сваім кароткім лісце палітвязень расказаў таксама праваабаронцам, як сябе адчувае і чым займаецца. “Здароўе ў парадку, настрой цудоўны. Абскарджваю рэжым утрымання ў пракуратуру Магілёўскай вобласці”, – паведаміў Міхаіл Ігаравіч.
Традыцыйна падзякаваў усім, хто падтрымлівае яго лістамі ды ў сродках масавай інфармацыі.
Крыніца: Віцебскія праваабаронцы ўпершыню за паўгода атрымалі ліст ад Жамчужнага