У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Бабруйску затрыманая Кацярына Мрачкоўская

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 31-гадовая жанчына нібыта ў 2020 годзе пакінулі абразлівы каментар у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Кацярына знаходзіцца ў ІЧУ.

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы паведамля.ць пра затрыманне Андрэя Рыбака і Андрэя Юрынка — мужчыны здымалі гумарыстычныя TikTok-ролікі ў міліцэйскай форме.

У Мінску затрымалі 24-гадовую Ганну Лаппо

На «пакаяльным відэа» яна кажа, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, а таксама адміністравала тэлеграм-канал мікрараёна «Чыжоўка».

Сілавікі разграмілі кватэру маці блогера Антона Матолькі

«Гэта ўсё, што вам трэба ведаць пра «моцнага лідэра з жалезнымі яйкамі», і яго фашысцкую ўзброеную банду, якая настолькі «нічога не баіцца», што праз 2 гады пасля таго, як я выехаў з кватэры - помсціць маёй маме, 1951 года нараджэння.

Мы тое ўсё прыбярэм і паправім. Знайшлі чым палохаць», — каментуе @motolkohelp.

СК масава апытвае жыхароў Віцебшчыны пра «дыверсіі» на чыгунцы

Пра выклікі да следчых паведамляюць жыхары абласнога цэнтру, а таксама Наваполацку і Воршы. Як правіла, усё гэта людзі, якія «засвяціліся» падчас мірных пратэстаў 2020-га году, і праз гэта трапілі ў міліцэйскую «базу нядобранадзейных асобаў». Падчас допытаў гучаць практычна аднолькавыя пытанні, бо следчыя ў Віцебску і іншых гарадах працуюць па замове са сталіцы, дзе распачатая крымінальная права з нагоды «дыверсій» на чыгунцы. Пра сутнасць крымінальнай справы не паведамляюць, а выкліканых на допыт апытваюць у якасці «сведкаў».

Следчыя пытаюцца, што вядома пра факты «дыверсій» (псаванне стрэлак, рэлейных шафаў, рэек і г.д.), ці не звярталіся да апытаных па інфармацыю, што да спецыфікі працы чыгункі ў рэгіёне, таксама цікавяцца наяўнасцю ў тэлефоне Тэлеграм-суполак з удзелам чыгуначнікаў і допісамі ў тэматычных тэлеграм-каналах, піша "Віцебская вясна".

Прад’яўленае абвінавачанне "светлагорскім партызанам"

Абвінавачанне ў падпале на чыгунцы рэлейнай шафы сігналізацыі прад’яўленае траім жыхарам Светлагорска – Дзмітрыю РавічуДзянісу Дзікуну і Алегу Малчанаву.

28 лютага 2022 года на чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" быў здзейснены падпал рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Гэта магло прывесці да зрываў графіку руху расейскіх цягнікоў з тэхнікай і зброяй.

Па выніках расследавання мужчынам прад'яўленыя абвінавачванні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

  • арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні);
  • арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, якія ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў);
  • ч. ч. 2,4 ст. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць шляхоў паведамленні, які пацягнуў цяжкія наступствы, а таксама стварыў пагрозу крушэння, аварыі і гібелі людзей);
  • арт. 356 (Здрада дзяржаве).

Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. На маёмасць абвінавачаных накладзены арышт на агульную суму больш за 57 тысяч рублёў.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні за каментарыі, "прафілактычныя" допыты: хроніка пераследу 29 чэрвеня