Субота, 09 Люты 2019

Кантакт зь міліцыяй і зьбіцьцё: як пазьбегнуць гвалту

Ацаніць гэты матэрыял
(19 галасоў)
Фота: nn.by Фота: nn.by

У грамадзтве заўсёды знойдзецца група ці сацыяльная катэгорыя людзей, якая кантактуе з праваахоўнікамі часьцей за астатніх: людзі бяз пэўнага месца жыхарства, бяздомныя, вулічныя музыканты ды іншыя. Некаторыя сутыкаюцца з ахоўнікамі парадку прыпадкова, а для кагосьці гэта адбываецца ўпершыню... Дык як паводзіць сябе, калі вас затрымлівае міліцыя?

У любы момант і ўсюды: на вуліцы, у краме, на вакзале ці ў парку – да вас можа падысьці чалавек у форме. Вулічны або сямейны канфлікт таксама можа скончыцца выклікам міліцыі. А часам здараецца, што сьведка нейкага правапарушэньня раптам ператвараецца ў падазраванага…

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць права патрабаваць ад грамадзян захаваньня грамадзкага парадку. Яны могуць правяраць у грамадзян дакумэнты, якія сьведчаць аб іх асобе пры падазрэньні ў зьдзяйсьненьні імі злачынстваў або правапарушэньняў, а таксама іншыя дакумэнты, неабходныя для праверкі выкананьня імі правілаў у падкантрольнай міліцыі сфэры.

Варта памятаць, што міліцыянт таксама можа абшукаць затрыманага, агледзець ягоныя асабістыя рэчы і транспартны сродак. Ён можа ўчыніць надгляд грамадзян і іх рэчаў на ўваходах у будынкі аэрапортаў, вакзалаў, мэтро. Пры гэтым міліцыянт можа канфіскоўваць забароненыя для агульнаграмадзянскага абароту рэчы і прадметы.

Дастаткова азнаёміцца з Законам “Аб органах унутраных спраў”, каб пераканацца, што міліцыі даецца шмат розных правоў.

Супрацоўнік АУС мае права захоўваць, насіць, ужываць і выкарыстоўваць зброю, прымяняць фізычную сілу, спэцыяльныя сродкі, баявую і спэцыяльную тэхніку ў выпадках i парадку, прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Законныя патрабаваньні супрацоўніка органаў унутраных спраў абавязковыя для выкананьня грамадзянамi.

Але што рабіць, калі патрабаваньні супрацоўніка АУС падаюцца вам незаконнымі?

Абмежаваньне супрацоўнікамі органаў унутраных спраў грамадзян у іхных правах і свабодах дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Калі вы сумняваецеся ў законнасьці дзеяньняў супрацоўніка міліцыі, але не зьяўляецеся экспэртам у галіне права, ня варта дапускаць непадпарадкаваньня, а тым больш – супраціву; няпраўныя дзеяньні супрацоўніка можна абскардзіць пазьней.

У жыхара Смаргоні Барыса Зьмітровіча дробны бытавы канфлікт стаў падставай для затрыманьня. У памяшканьні дзяжурнай часьці міліцыі ён быў жорстка зьбіты.

“Мы сталі шукаць сына і, калі даведаліся, што ён у міліцыі, адразу ж паехалі туды і ў рэшце рэшт забралі скрываўленага Барыса ў падранай куртцы і з пабітым тэлефонам дадому. Толькі тады выклікалі хуткую, якая і аказала неабходную мэдычную дапамогу”, – успамінае маці Барыса Зьмітровіча.

Раніцай 4 жніўня 2016 году ў кватэру лекара-пэдыятра Дзьмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзьверы і шкло бальконнай дзьверы ў кухні, уварваліся супрацоўнікі АМАП у масках, паклалі яго тварам на падлогу, заламалі рукі за сьпіну, адзелі кайданкі і адвезьлі ў РУУС Заводзкага раёну Менску. Па дарозе адзін з супрацоўнікаў паклаў скрутак скотчу на калені Дзьмітрыю, а калі той варухнуўся і скотч зваліўся, супрацоўнік міліцыі нанёс удар па твары затрыманага.

Дзьмітры Серада

Серада быў дапытаны ў якасьці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу і вызвалены толькі на наступны дзень, бо ў сьледчага “зьніклі падставы для далейшага ўтрыманьня яго пад вартай”.

Сяргей Ткачэнка з Фаніпалю разам з жонкай знаходзіліся непадалёк ад дому па вуліцы Якуба Коласа. У гэты дзень, 9 траўня, сям'я саджала бульбу і з гэтай нагоды гаспадар выпіў чарку. Да таго ж, як пішуць у пратаколе супрацоўнікі міліцыі, ён “быў без кашулі”. У гэты час супрацоўнікі патрульна-паставой службы Дзяржынскага РАУС несьлі дзяжурства па ахове грамадзкага парадку і, убачыўшы мужчыну, падышлі да яго.

“Ткачэнку былі зробленыя неаднаразовыя заўвагі па прычыне яго паводзінаў і знаходжаньня ў нецьвярозым выглядзе ў грамадзкім месцы”.

Яму адзелі кайданкі і закінулі ў аўтамабіль.

Сяргей Ткачэнка

“Мае рукі былі скаваныя кайданкамі за сьпіной. Супрацоўнік Б. ударам зваліў мяне на падлогу. Я ў бездапаможным і нерухомым стане ляжаў на жываце на падлозе. У гэты момант супрацоўнік узяў яшчэ адны кайданкі і прышпіліў маю правую нагу да кайданкоў за сьпіной. Я ляжаў у паставе, якая называецца ў народзе “ластаўка”. У такім становішчы я знаходзіўся каля сарака хвілін.

Адзін з супрацоўнікаў, які знаходзіўся ў пакоі, заступіўся за мяне, сказаўшы міліцыянту, каб той спыніў ужываць у дачыненьні да мяне забароненыя прыёмы. У гэты момант Б. стаў нагой мне на твар і некалькі разоў паўтарыў, што яму за гэта нічога ня будзе. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі зьневажалі мяне і абзывалі маю жонку, якая прыйшла дазнацца, што са мной”, - апісвае прыніжэньні Сяргей Ткачэнка.

Заяву аб зьдзяйсьненьні злачынства супрацоўнікам міліцыі можна падаць у пракуратуру ці ў Сьледчы камітэт (яго тэрытарыяльны аддзел) па месцы зьдзяйсьненьня злачынства. Там жа вам павінны выдаць накіраваньне на праходжаньне агляду, калі гаворка ішла аб прычыненьні цялесных пашкоджаньняў.

Па выніках звароту павінна быць прынятае рашэньне аб узбуджэньні крымінальнай справы альбо аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

Пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы можна абскардзіць начальніку сьледчага падразьдзелу альбо пракурору адпаведнага раёну, а таксама – у судзе.

Узор скаргі на пастанову сьледчага аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

#БезПраваНаРасправу – што гэта за праект?

Мультымэдыйны праект #БезПраваНаРасправу зьяўляецца часткай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” па выяўленьні выпадкаў катаваньня і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.

На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакараньня для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі – неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах – моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сьцяну маўчаньня, страху і беззаконьня і паказаць, што катаваньням і жорсткім відам абыходжаньня можна і трэба супрацьстаяць.

#БезПраваНаРасправу