Канкурэнцыю яму складаюць Дзмітрый Андрэйчык, кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «АНДРЭІЧыК» з пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна. Ён вылучаны ад ліберальна-дэмакратычнай партыі і Ірына Мурашка першы сакратар Браслаўскага БРСМ і сябра партыі “Белая Русь”, яна ідзе на так званыя выбары ад гэтай жа партыі.
Старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік разам з начальнікам пастаўскага РАУС Дзмітрыем Куталёвым ездзяць па працоўных калектывах Пастаўшчыны, распавядаюць пра так званыя выбары і заклікаюць людзей да актыўнага ўдзелу ў іх.
Сяргей Чэпік, сустракаючыся з працоўным калектывам ЖКГ, параіў людзям добра вывучыць і асэнсаваць, хто годны прадстаўляць іх інтарэсы ў так званым парламенце. Ён лічыць правільным аддаць голас за людзей, якіх усе ведаюць, якія сваёй працай і прафесіяналізмам заслужылі павагу.
Але ж тут цікавостка, па Пастаўскай акрузе павінен, канешне ж, стаць дэпутатам Ігар Сергяенка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі. А ведаюць на Пастаўшчыне людзі ўсё ж больш фермера Дзмітрыя Андрэйчыка, і ён сапраўды чалавек працы. Няўжо кіраўнік Пастаўскага раёна паставіў на свайго, мясцовага? Але гэта спрацавала б на сапраўдных выбарах, а не на так званых, дзе загадзя ўжо вядома, хто будзе ў так званай палатцы.
Як і раней для ўладаў галоўнае зараз – гэта паказаць высокую яўку на так званых выбарах. Сяргей Чэпік у сваёй прамове да працоўных калектываў ужываў пафасныя выразы, заклікаючы пастаўчан да выбараў.
“Актыўны ўдзел насельніцтва ў і перадвыбарных этапах і высокая яўка выбарцаў на ўчасткі непасрэдна ў перыяд галасаванне – вось рэальная дэманстрацыя неабыякавасці грамадзян да лёсу краіны”, – сказаў Чэпік.
Паводле кіраўніка Пастаўскага раёна Сяргея Чэпіка, межы Пастаўскага выбарчай акругі №29 па выбарах так званых дэпутатаў палаты прадстаўнікоў не змяніліся. У яго ўваходзяць па-ранейшаму Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Браслаўскі раёны. На Пастаўшчыне створаныя дзве акругі па выбарах так званых дэпутатаў абласнога савета, 28 – раённага і 60 – сельскіх саветаў.
На тэрыторыі Пастаўскага раёна ўтворана 25 участковых выбарчых камісій.
Вылучэнне кандыдатаў усіх узроўняў завяршылася. Так званыя выбарчыя камісіі пачалі праверку дакументаў. Наступны этап - рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты так званай палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.
31 студзеня пачаўся агітацыйны перыяд падчас якога так званыя кандыдаты ў дэпутаты могуць публікаваць свае праграмы, сустракацца з калектывамі, ладзіць пікеты.
Нагадаем, усяго ў краіне створаныя 1394 выбарчыя акругі, у так званую палату прадстаўнікоў вылучаныя 298 кандыдатаў. Жанчыны сярод іх складаюць крыху больш за 30%. 12 чалавек, якія падалі дакументы на рэгістрацыю, маладзей за 31 год.
Алег Карцін