Нядзеля, 27 Люты 2022

Жыхар Віцебску пра «рэферэндум»: «Сумна і безнадзейна»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

«Віцебская вясна» папрасіла падзяліцца сваімі ўражаннямі ад удзелу ў галасаванні жыхара Віцебску Андрэя Іванова (імя і прозвішча змененыя ў мэтах бяспекі, але гэтыя дадзеныя ёсць у рэдакцыі).

Віцяблянін прагаласаваў на адным з участкаў у Першамайскім раёне. Паводле ягоных высноваў,  «рэферэндум», які дзяржаўныя СМІ анансавалі як «свята народнага волевыяўлення», нічым не адрозніваўся ад дня выбараў у мінулыя гады:

 «Участак для галасавання месціцца ў школе. На ўваходзе дзяцей змусілі зладзіць канцэрт, слухаюць іх чалавек 7-8. У буфеце пару мужычкоў п’юць гарэлку, яна прадаецца свабодна. Народу няшмат. Міліцыянты дык і ўвогуле мне не трапіліся на вочы. Такое ўражанне, што ўсім невыносна сумна – і тым, хто галасуе, і тым, хто праводзіць галасаванне. На самім участку я папрасіў, каб мне далі магчымасць прагаласаваць патаемна – каб зачынтлі фіранку кабінкі. Удзельнікі камісіі трохі здзівіліся, але маю просьбу выканалі.  Я зрабіў адзнаку ў бюлетэні і ўкінуў яго ў скрыню. Заўважыў, што бюлетэні ляжаць у ёй пачакам. Я дык свой склаў перад тым, як укінуць. А там стопка няскладзеных, нібыта іх знарок нехта ўкінуў. Але гэта маё прыватнае меркаванне».

Выбарчы ўчастак апытаны намі жыхар Віцебску наведаў каля 13.30. На гэты час ЦВК ужо абвясціў, што рэферэндум адбыўся: яшчэ апоўдні, па афіцыйных звестках,  за змены ў Канстытуцыі прагаласавалі больш за 50% грамадзян Беларусі, якія маюць права голасу. У Віцебскай вобласці на 12.00 гэты паказнік склаў  - 56,19%.

Феліцыян Красоўскі