6 верасня 2020 года ў Віцебску міліцыя жорстка затрымлівала ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Віталя Кузнечыка тады збілі, а ягоны сын Уладзіслаў Кузнечык разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі заступіўся за бацьку і адабраў яго ў міліцыянтаў. Кадры разгону мітынгоўцаў растыражавалі СМІ. Пасля акцыі на Кузнечыкаў завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
«Вярнуўшыся на год таму, у сітуацыі з бацькам, калі яго збівалі, паступіць па-іншаму мне б не дазволіла сумленне, гэтак жа як і не хадзіць на пратэсты», — упэўнены Уладзіслаў.
11 верасня 2020 года мужчыны прыехалі ў дыппрадстаўніцтва, каб папрасіць палітычнага прытулку, патэлефанавалі ў дамафон, але ім адказалі, што нічым дапамагчы не могуць. Тады Кузнечыкі пералезлі праз плот і адмовіліся пакідаць тэрыторыю амбасады. МЗС Швецыі кажа, што законы краіны не прадугледжваюць працэдуру атрымання палітычнага прытулку ў пасольстве. Але і выдаць Кузнечыкаў беларускім уладам пасольства не можа.
Яшчэ ў верасні 2020 яны звярнуліся ў Камітэт супраць катаванняў са скаргай на Швецыю. Яны заявілі, што, калі ў выніку дзеянняў або бяздзейнасці ўладаў Швецыі, яны будуць затрыманыя ўладамі Беларусі, то сутыкнуцца з рэальнай рызыкай катаванняў. У лістападзе 2021 года Камітэт разгледзіць прымальнасць скаргі на Швецыю. Гэта значыць, што Віталь і Уладзіслаў змогуць знаходзіцца на тэрыторыі амбасады, як мінімум, да вынясення Камітэтам рашэння па гэтым пытанні, а ў выпадку, калі скаргу палічаць прымальнай, то і да яе разгляду па сутнасці.
Віталь і Уладзіслаў распавялі Deutsche Welle, як яны жывуць.
У пасольстве Віталю і Уладзіславу выдзелілі пакой, дзе ёсць ложкі, душ, туалет, пральная машына, мультыварка, халадзільнік, посуд. Для занятку спортам — турнік, штанга, гіры. Раней мужчынам прыносілі гатовую ежу, цяпер яны гатуюць самі.
«Гэта вялікі плюс, час ідзе хутчэй, неабходныя прадукты нам купляюць, — распавядае Уладзіслаў. — На свежае паветра выходзім у любы час. Усе ўмовы для жыцця ёсць. Адносіны з супрацоўнікамі амбасады добрыя. Праўда, тут не дазволены тэлевізар і камп'ютар, але ў нас ёсць смартфон».
Раней у СМІ з'яўлялася інфармацыя, што мужчынам неабходна медыцынскае абследаванне, у прыватнасці, ва Уладзіслава ў 2019 годзе выявілі злаякасны наватвор, таксама ёсць праблемы са зрокам, перыядычна ён павінен назірацца ў лекараў. Медыцынская дапамога, сапраўды, патрэбна, пацвердзіў Уладзіслаў, але пытанне зараз вырашаецца.
Кузнечыкі год не бачыліся з роднымі — наведванні ў пасольстве забароненыя, камунікацыя толькі па відэасувязі.
«Думаеш і перажываеш не пра сябе, а пра іх, што б яны ні ў чым не мелі патрэбы, але дапамагчы не можаш. Вядома, сям'і цяжка ў фінансавым плане, бо грошы я зарабляў. За год маці і жонка перахварэлі на каранавірус, але, у цэлым, трымаюцца».
Дзеці сумуюць, кожную нашу размову пытаюцца, калі прыедзем дадому.
«Ідэальны выхад для нас — жыць у сваёй краіне, не баяцца за будучыню, але гэта стане магчымым, калі пройдуць новыя сумленныя выбары і вернецца закон», — кажа Уладзіслаў Кузнечык.