Барыс Ханонавіч, на Вашу думку, ці адрозьніваюцца нечым сёлетнія выбары ад усіх папярэдніх?
Тут трэба вызначыцца: ці ёсьць у нас выбары? Я мяркую, што выбараў у нас няма з 1996 году, калі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот – гэта вядома. Была прыпыненая легітымная Канстытуцыя 1994 году, і ёй на зьмену прыйшла, так бы мовіць, « эрзац-канстытуцыя». Яна не прызнаная ніякімі дэмакратычнымі міжнароднымі інстытутамі. Пасьля таго, як быў разбураны прававы падмурак, у нас не засталося падстаў для правядзеньня законных выбараў. Таму я ніяк і не разумею, чаму туды імкнецца гэтая апазыцыя? Адно з двух: альбо ім патрэбна нейкая слава, альбо яны прадажныя. Яны ідуць да нелегітымнай Ярмошынай, вобразна кажучы, выціраючы ногі аб легітымную Канстытуцыю 1994 году, рэгіструюцца, то бок ствараюць антураж сапраўдных выбараў, якіх насамрэч няма.
Але што ў такіх варунках усім нам рабіць? Сядзець на канапе?
Так! Сядзеньне на канапе 11 кастрычніка – гэта самы патрыятычны ўчынак для беларуса. Я мару пра тое, каб уся Беларусь адзінаццатага села на канапу. Міне час, і праз дваццаць гадоў іхныя дзеці запытаюць, што яны рабілі ў гэты дзень? І ім будзе што адказаць: «Я сядзеў на канапе, бо ў тых варунках не было магчымасьці выбіраць, і не было выбараў». І гэта будзе цудоўны адказ.
Добра, дапусьцім, мы ўсе селі на канапу. А што далей?
Гэты сядзячы пратэст мусіць стаць першым элемэнтам кансалідацыі беларускага грамадзтва. Пасьля гэтага мы пабачым, што кожны з нас ня сам па сабе, а што нас досыць шмат. Няхай пакуль ня большасьць, але досыць шмат. І гэта дасьць нам нейкую надзею на будучыню. Гэта толькі першы крок. На Плошчу гэтыя людзі пакуль выйсьці не падрыхтаваныя. Яны як малыя дзеці. Спачатку дзіця поўзае, потым уздымаецца на каленкі, пасьля паўстае з каленяў... Так і гэтае грамадзтва, калі яно пасталее, яно зразумее, што гэтым бюлетэнем нічога ня зьменіш – гэта ўсё пустое. Усё адно трэба будзе выйсьці на Плошчу і сказаць: «Сыходзь!». І толькі тады, вярнуўшыся ў канстытуцыйнае поле 1994 году, мы зробім сапраўдныя выбары.
А Вам не падаецца, што ў тых прагназаваных Вамі палітычных умовах непадрыхтаванае грамадзтва ня здолее зрабіць правільны выбар зь непараўнальна больш вялікага шэрагу патэнцыйных кандыдатаў?
Зараз яны кажуць: а хто апроч Лукашэнкі? Так, больш нікога яны ня бачаць, бо няма палітычнага поля. Патэнцыйныя кандыдаты ня могуць сябе паказаць. На прыкладзе Ганчара, Захаранкі і іншых яны пабачылі, што ў варунках, што тут склаліся, альбо заб'юць, альбо трапіш у турму. Калі зьявяцца новыя магчымасьці, мы і ведаць ня будзем, адкуль зьявіўся той ці іншы кандыдат. І тады будзе выбар. І мы будзем глядзець, як ён паводзіўся за часамі Лукашэнкі, што ён рабіў у розныя пэрыяды свайго палітычнага росту. А цяпер атрымліваецца так: ёсьць Лукашэнка, а вакол яго гэтак званыя фрыкі: Гайдукевіч, Улаховіч, Караткевіч...
І Караткевіч, Вы лічыце, таксама фрык?
Так! Караткевіч у першую чаргу! Хто такая Караткевіч? Ніхто ж яе ня ведае. Адкуль яна зьявілася? Да пятнаццатага году хто-небудзь ведаў пра гэтую Караткевіч? Аніхто. Рэч у тым, што ў палітыцы так не бывае. Вось глядзіце, Абама не зваліўся зь неба. Дэмакраты са школьнай парты вялі гэтага Абаму. У нармальным грамадзтве так і мусіць быць.
Калі ў 1994 годзе балятаваўся Зянон Пазьняк, гэта было імя, гэта была вядомая постаць. Яго падтрымліваў такі прарок, як Васіль Быкаў. А хто такая Караткевіч – мы ня ведаем. Больш таго, я хачу сказаць, што нам ня ўсё зразумела зь яе паплечнікам Дзьмітрыевым. Мы ня ведаем, хто за ім стаіць. Але ж ня Дзьмітрыева і Караткевіч я абвінавачваю. Я абвінавачваю Някляева! Ён сваім аўтарытэтам, сваёй вядомасьцю выцягнуў на паверхню гэтых фрыкаў! А ўся рэч у тым, што ён узяўся не за сваю справу! Ён паэт! Яго Божанька пацалаваў у лоб і сказаў: «Ты будзеш паэтам!» Зянона Пазьняка Ён таксама пацалаваў у лоб, але ж яму сказаў: «Ты будзеш палітыкам!» Кожны мае сваё прызначэньне, а ён гэтага не разумее. Яму слава патрэбная! Сыходзь, пішы вершы! Калі ягоныя творы падштурхнуць людзей на Плошчу – вось гэта я зразумею.
Ніколі б не зьявіўся Джахар Дудаеў, калі б не было нацыянальнага ідэоляга Зэлімхана Яндарбіева, чачэнскага паэта. Менавіта ён перавыхаваў савецкага генэрала ў нацыянальнага лідэра. Тады Яндарбіеў разумеў, што ён не палітык, але ён пабачыў Дудаева і пачаў зь яго ляпіць нацыянальнага героя. І забілі яго як раз з гэтай прычыны, бо баяліся, што ён яшчэ аднаго Дудаева створыць. Было ў яго такое пакліканьне.
Скажыце, а ці можа наша інтэлігенцыя неяк скарыстацца з гэтага досьведу?
Дык вось я і кажу, што наша нацыянальная інтэлігенцыя мусіць зараз рабіць намаганьні ў гэтым кірунку: выхоўваць нацыянальнага лідэра, а не ганяцца за славай. На якога чорта гэтая слава! Іншы прыклад: Лех Валэнса – просты электрык, але ж вакол яго сабралася нацыянальная эліта, той жа Яцэк Курань. І ён прыслухоўваўся да іх, таму палякі і перамаглі. Валэнса меў аўтарытэт сярод рабочых, але прыслухоўваўся да інтэлектуалаў, бо за імі адукацыя Сарбоны і Кэмбрыджу.
Добра, з задачай для інтэлігенцыі зразумела. А што мусілі б рабіць палітыкі?
Калі б гэтак званыя палітыкі, я іх так называю, адразу пасьля антыканстытуцыйнага перавароту пачалі людзям казаць праўду пра тое, што выбараў няма, то цяпер сытуацыя была б іншай. Але яны маўчаць. Усіх, хто пасьля 1996 году браў удзел у гэтак званых выбарах, я лічу палітычнымі мерцьвякамі, бо яны прынялі правілы гульні кіруючай групоўкі. Яны ўсе запэцкаліся. Можна, вядома, рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, але ніхто зь іх ня мае будучыні, нават Павал Севярынец ня мае, нягледзячы на ягоную маладосьць. Яны ўсе запэцкаліся. Я ж памятаю, як Статкевіч зь Севярынцам у 2004 годзе крычалі: «Ідзіце на ўчасткі і скажыце сваё "не" рэфэрэндуму». Гэта была наўпроставая дапамога рэжыму. Яны што, не разумелі, што рэжыму патрэбна толькі наша яўка? Пры дыктатуры ня можа быць ніякіх рэфэрэндумаў!
Калісьці Салжаніцын напісаў зварот да суайчыньнікаў «Жыць не па хлусьні». Дык вось наша першасная задача зараз – ня ўдзельнічаць у хлусьні!
Добра, дапусьцім, Караткевіч перамагае. Але чым яна лепей за Лукашэнку? Той плюе на Канстытуцыю і закон, а яна паводле іхных правілаў хоча прыйсьці да ўлады, стаць кіраўніком дзяржавы. Чым яна лепей? Вось тут мусіць працаваць лёзунг Вацлава Гавэла: «Мы – не яны!» Менавіта так ён адказаў, калі яго пачалі крытыкаваць за прызначэньне на кіруючую пасаду былога камуніста. Гуляць па правілах амаральнай улады нельга: інакш нам людзі ніколі не павераць! Людзям заўжды трэба казаць праўду, якой бы горкай яна ні была: Пакуль такое становішча, пакуль выбараў няма, набярыцеся цярпеньня. Колькі цярпець – я ня ведаю, але ўпэўнены: крытычная маса нарастае. Мне спадабаліся словы Ігара Аліневіча, сказаныя адразу пасьля выхаду з турмы, пра тое, што рана ці позна выбух адбудзецца! Мяркую, што вось, мабыць, ён і мае палітычную будучыню. А тое, што кажуць, нібыта беларусы талерантныя, памяркоўныя – усё гэта фігня! У грудзёх усё ж такі засталася памяць і пра Каліноўскага, і пра Касьцюшку! Таму трэба набрацца цярпеньня.
Калі зьбіралі подпісы, я заўважыў: нейкая частка грамадзтва, найперш моладзь, бачыць у асобе Караткевіч новы палітычны твар, зьвязвае зь ёй свае надзеі на будучыню. Чым Вы можаце гэта патлумачыць?
Нехта з моладзі ідзе за Караткевіч з тае прычыны, што чакае перамен. Нейкая частка моладзі зьехала за мяжу, а тая частка, што засталася і хоча жыць тут, чакае зьмен, і ёй падаецца, што гэтыя зьмены ўвасабляе ў сабе Караткевіч. Аднак я задаю пытаньне: «Калі нават яна пераможа на гэтых выбарах, ці стане яна легітымным кіраўніком дзяржавы?» Не! Легітымным можа быць прызнаны толькі той, хто будзе балятавацца па Канстытуцыі 1994 году. У 2001 годзе, калі балятаваўся Зянон Пазьняк, мы дапусьцілі фатальную памылку. Фактычна мы заплямілі ягонае імя. Я выступаў супраць яго ўдзелу, але тады мяне ніхто не паслухаў і ніхто не зразумеў. Я застаўся адзін. Мінуў час, і Пазьняк цяпер ня мае чым запярэчыць маім аргумэнтам.
А Вы не маглі б даць нейкую агульную характарыстыку ўсім астатнім ўдзельнікам сёлетняга, як Вы называеце, палітычнага фарсу?
Сёньняшнія фрыкі яшчэ больш небясьпечныя, чымся дзейны кіраўнік. Мы, прынамсі, ведаем, што яму патрэбны грошы і ўлада, і што дзяржаву ён пакуль здаваць не зьбіраецца. А вось чаго чакаць у выпадку іхнай гіпатэтычнай перамогі, мы ня ведаем. Баюся, каб мы не загуляліся ў гэтыя выбары і не згубілі краіну! На сёньня самае галоўнае – захаваць краіну! Таму мы павінны думаць і чакаць свайго часу.
Я рызыкну сказаць, што ніхто, апроч Лукашэнкі, не сабраў неабходнай колькасьці подпісаў. Прыгадайце 2010 год, калі зарэгістравалі нават тых, хто подпісаў не сабраў, але ж усе тады прамаўчалі. І гэтыя маўчаць. Мне падаецца, улада ўсё сплянавала загадзя. Такое ўражаньне, нібыта адмыслова робіцца ўсё, каб на Беларусі не засталося ніводнага не запэцканага сваім ўдзелам у нелегітымных выбарах палітыка. Таму беларусы з такім недаверам і глядзяць на ўсё гэта. Яны усё разумеюць.
Тое, што подпісаў не сабралі ні Лябедзька, ні Калякін – гэта лякмусавая паперка для вызначэньня сапраўднасьці подпісаў, сабраных іншымі кандыдатамі. І гэта пры тым, што за Калякіным і Лябедзькам стаяць палітычныя структуры.
Ну, дапусьцім, нейкая частка электарату ня пойдзе на выбары. Але ж улада лёгка можа скарыстацца з гэтага.
Вось і мне кажуць: ты ня пойдзеш, а яны з гэтага скарыстаюцца. Няхай. Няхай яны прагаласуюць замест мяне, але калі ня пойдуць дзесяткі тысяч, сотні тысяч! Для іх жа самае жахлівае – гэта пустыя ўчасткі. Калі яны пабачаць, што людзі не ідуць на выбары, яны звар'яцеюць. Яны падумаюць: калі сёньня яны не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, заўтра яны могуць прыйсьці на Плошчу. Вось, што для іх страшна!