Нядзеля, 31 Ліпень 2016

Георгі Станкевіч: Навучысься паважаць сябе – змусіш і дзяржаву з павагай да цябе ставіцца

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Георгі Станкевіч Георгі Станкевіч

Георгі Станкевіч – беларускі бард і паэт, аўтар некалькіх вершаваных зборнікаў, працуе настаўнікам нямецкай мовы ў сельскай школе ў Бешанковіцкім раёне. У палітычным жыцьці краіны ён удзельнічае ці ня 20 гадоў, а сёлета вырашыў балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. З гэтай нагоды наш карэспандэнт пагутарыў са спадаром Георгіем.

Георгі, як даўно Вы сталі сябрам руху «За свабоду»?

У руху «За свабоду» я з 2006 году, з моманту яго заснаваньня. У той год падчас выбарчай кампаніі зьбіраў у Бешанковіцкім раёне подпісы за вылучэньне на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, які затым стаў лідэрам руху. Лічу сябе актыўным рухаўцам.

Маю актыўнасьць, відаць, ацаніла і ўлада: сёлета стаў сябрам акруговай камісіі па Лепельскай выбарчай акрузе № 23. З 48 прадстаўнікоў руху, што вылучаліся ў склад участковых камісіяў, улучылі толькі мяне і Міхася Гіля з Паставаў. Ярмошына сказала, што рэгістраваць трэба самых лепшых, самых выдатных, а я ж такі і ёсьць! Сьмехам кажу жонцы: «Бачыш, як мяне старшыня ЦВК пахваліла, зарэгістравалі толькі самых-самых. Цяпер з працы мяне пры любым раскладзе ня звольняць».

Перакананы, што Вы добра разумееце ўсю беспэрспэктыўнасьць свайго ўдзелу ў выбарах: нікога з дэмакратычных кандыдатаў улада ў «палатку» не прапусьціць. Чаму тады пагадзіліся на ўдзел?

Дамова пра мой удзел у выбарах была даўно, а раз паабяцаў – трэба ісьці. У палітычным жыцьці ўдзельнічаю даўно, рабіць гэта не баюся. Ціск з боку мясцовае ўлады на мяне ідзе пастаянна, суды адбываюцца з пэрыядычнасьцю ў два гады: першы суд быў у дзесятым, другі – у дванаццатым, трэці – у чатырнаццатым годзе, цяпер шаснаццаты – значыць трэба чакаць новы. Але ж камусьці трэба вылучацца. Не люблю пустых развагаў пра тое, што сваім удзелам мы нібыта падыгрываем уладзе. Найперш вылучаюся дзеля таго, каб пагаварыць лішні раз з людзьмі, каб распавесьці праўду пра тое, што ўлада не прапусьціць у палату прадстаўнікоў ніводнага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі, што ў сёньняшнім парлямэнце няма ніводнага некантраляванага ўладай дэпутата.

Як зьбіраецеся праводзіць агітацыйную кампанію? Што будзеце казаць людзям?

Не зьбіраюся раздаваць абяцаньняў выбарцам кшталту «Я вам пабудую паліклініку, заасфальтую дарогу». Буду казаць іншае: «Людзі, можна штодня карміць вас рыбай, а можна даць вам вудачку і навучыць лавіць рыбу – навучыць, што трэба рабіць, каб вашае жыцьцё зьмянілася, якімі трэба стаць вам, каб вы зрабіліся здольнымі перамяніць акаляючы вас сьвет». Мне падаецца, гэта галоўнае.

Калі ўявіць неверагоднае, і я стану дэпутатам, то найперш буду займацца рэальным самакіраваньнем, каб улада на месцах выбіралася. Тады чыноўнік будзе ведаць: калі ён не працуе належным чынам, людзі знойдуць яму замену. Пры рэальным самакіраваньні грамадзяне будуць самі вырашаць, што трэба рабіць у першую чаргу: ці дарогу заасфальтаваць, ці дзіцячы садок адрамантаваць. Перадусім людзям самім трэба адчуць адказнасьць за сваю краіну, а не спадзявацца на ўладу. Дэпутатам жа трэба не займацца абяцанкамі, а ствараць сучасную заканадаўчую базу для разьвіцьця эканомікі і рэалізацыі творчых магчымасьцяў кожнай асобы.

Спадар Георгі, улада абяцае Захаду лібэралізавацца, сякія-такія зьмены адбыліся і перад выбарамі. Навошта?

Робіцца гэта толькі дзеля таго, каб крыху спадабацца Захаду, каб стварыць імітацыю працэсу дэмакратызацыі, запэўніць на словах, што гэты працэс нібыта пайшоў, што мы на правільным шляху. Апошнім часам Лукашэнка не аднойчы пераконваў заходніх спонсараў: вы нам скажыце, што трэба рабіць, а мы зробім, мы будзем вучыцца. Казаць дык ён кажа, але ж вучыцца не зьбіраецца. Абы грошы далі. Сытуацыя яго цалкам задавальняе. Парлямэнт яму абсалютна не патрэбны, але ж калі ён ёсьць – значыць трэба зь ім нешта рабіць. А што рабіць, яму добра вядома: напоўніць бясьпечным матэрыялам, які не гарыць, які, колькі яго ні распальвай, усё адно тухне.

Як па-Вашаму, ці нясе адказнасьць за сёньняшні стан краіны ня толькі ўлада, але і народ?

Рэч у тым, што з гэтым народам улада робіць, што хоча. У яго мэнталітэце, у яго сьвядомасьці няма абсалютна ніякіх уяўленьняў пра дэмакратыю. Ён прызвычаіўся, што ім нехта кіруе. Прычына гэтага – батрацкае жыцьцё ў калгасах, татальная алькагалізацыя. Ды ў даважку рабскі тутэйшы мэнталітэт: няма цьвіка, на якім раней сядзелі, – ну і добра; зьяўляецца цьвік – самыя нецярплівыя знойдуць іншае месца без цьвіка або дзе ня так коле; астатнія прыстасуюцца жыць зь цьвіком. У прынцыпе, беларусы такі бяскрыўдны, рахманы народ, што гэта мяжуе з абыякавасьцю і перадсьмяротным станам.

Беларусы самі сябе загналі ў сытуацыю, калі яны ўжо нічога не жадаюць. Нават маладзёны – і тыя збольшага банальныя прыстасаванцы. Яны ня ведаюць гісторыю, у іх страчана жаданьне вучыць сваю мову, ім хапае рускай. Яны ў бальшыні сваёй вызнаюць рабскі прынцып: чым менш ведаеш, тым лягчэй жыць. Але ж калі не вучыцца, не разьвівацца, то надыходзіць пасіўнасьць, а пасіўнаму для ўяўнага абуджэньня патрэбны алькаголь. Таму краіна і сьпіваецца.

Дзе ж выйсьце?

Дзе выйсьце? Нас забівае цэнтралізаванае кіраваньне зь Менску. Улада пераконвае народ: без нас – вам згуба. Але ж прапасьці двойчы не магчыма, прапасьці можна толькі адзін раз. А тыя людзі, якія ужо цяпер ня хочуць нічога, – ужо згубіліся. І калі іх паставіць ва ўмовы асабістай адказнасьці, у іх зьявіцца хаця б шанец адумацца. І, я мяркую, сытуацыя пераламалася б. Сёньня ўлада не дае людзям, якія сьпіліся, рэальнага шанцу рэабілітавацца, выйсьці ў людзі. Праца ў калгасе за два мільёны ў месяц – гэта праца без пэрспэктывы. Даярка на фэрме доіць пяцьдзясят кароў тры разы на дзень і атрымоўвае два – два з паловай мільёны. А магла б у прыватнай гаспадарцы трымаць адну кароўку, мець тры мільёны, а даіць яе два разы. Што гэта, як не расьцягнуты на дзесяцігодзьдзі генацыд уласнага народу? На каго яна працуе? Маё сьцьверджаньне не галаслоўнае, бо сам трымаю ў гаспадарцы каровы.

Народу трэба зразумець простую ісьціну: каб добра жыць, трэба нешта рабіць, і тады прыйдзе павага да сябе. Навучысься паважаць сябе – змусіш і дзяржаву з павагай да цябе ставіцца, і ня будзеш працаваць на ўласную згубу за мізэрны заробак.

С. Горкі