Пятніца, 29 Ліпень 2016

ЦВК: Зьбіраць подпісы ў паліклініцы не забаронена

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра інцыдэнты ў Полацкай гарадзкой выбарчай акрузе №27 і ў Полацкай сельскай выбарчай акрузе №28 распавялі выбаршчыкі і назіральнікі.

Жыхару Полацку было прапанавана паставіць подпіс за вылучэньне ў кандыдаты Натальлі Гуйвік, дзейнай дэпутаткі Парлямэнту, проста падчас прыёму ў паліклініцы. Апрача лекара і мэдсястры, у габінэце знаходзілася трэцяя асоба – таксама мэдсястра – з падпісным аркушам. Грамадзянін паскардзіўся на гэты выпадак у ЦКВ, але атрымаў адказ, што парушэньня выбарчага заканадаўства не заўважана. Маўляў, зьбіральніца подпісаў зайшла на працу ў свой вольны час, а будынак мэдычнай установы не ўваходзіць у пералік месцаў, дзе забаронена зьбіраць подпісы. 

Пытаньне, ці не былі парушаныя нормы прафэсійнай мэдычнай этыкі, Цэнтарвыбаркам разьбіраць ня стаў, а ў паліклініцы пра гэта відавочна і не задумаліся.

Пра выпадкі, калі подпісы зьбіраюць у працоўны час на прадпрыемствах, паведамляюць і з Дрысы. Звыклая практыка такая: у ініцыятыўную групу “патрэбнага” кандыдата ўлучаюць людзей, якія працуюць на найбуйнейшых аб’ектах. І калі ініцыятыўная група складаецца са 120-ці чалавек, як у Андрэя Юніцына, начальніка Полацкага раённага вузла электрасувязі, то кожнаму ўдзельніку застаецца сабраць каля 10-ці подпісаў, не сыходзячы з працоўнага месца.

Ня выключана, што подпісы за яго ўжо даўно сабралі, бо збор пачаўся яшчэ 6 ліпеня, мяркуе назіральніца пры выбарчай камісіі Полацкай сельскай акругі №28 Валянціна Болбат:

“Я вельмі хацела трапіць на паседжаньне выбарчай камісіі, калі рэгістравалі ініцыятыўныя групы. Тэлефанавала ў камісію загадзя, але мне нічога канкрэтнага не сказалі. Сачыла за інфармацыяй на сайце Полацкага райвыканкаму, але і там не знайшла аб’явы… Паведамленьне пра тое, што паседжаньне ўжо прайшло, зьявілася  празь некалькі дзён. Старшыня камісіі Сяргей Труханаў заявіў мне ў тэлефоннай размове, што аб’ява пра паседжаньне на сайце нібыта была, але потым “яе зьнялі”. Навошта? Гэтага ён так і не патлумачыў. Я ня ўбачыла, як праходзіла паседжаньне 5 ліпеня, але ўжо назаўтра, 6 ліпеня, ініцыятыўная група выйшла на збор подпісаў. Калі пасьпелі падрыхтаваць 120 пасьведчаньняў для сябраў ініцыятыўнай групы, для мяне застаецца загадкай”.

Чаму з сайта райвыканкаму зьнялі аб’яву менавіта пра гэтае паседжаньне камісіі – таксама незразумела. Але пра тое, што чарговае паседжаньне прызначанае на 20 ліпеня, аб’ява ёсьць.

Валянціна Болбат адзначае, што ў Дрысе, дзе яна жыве, і якая ўваходзіць у Полацкую сельскую акругу №28, не было заўважана ніводнага пікету па зборы подпісаў. Ані за патэнцыйнага кандыдата Андрэя Юніцына, ані за патэнцыйнага кандыдата Яўгена Крыжаноўскага, вядомага актора-сатырыка, які жыве ў Менску і зьяўляецца намесьнікам старшыні ЛДП (ён таксама зарэгістраваў у Полацку ініцыятыўную групу, хаця, паводле заканадаўства, можа вылучацца ў кандыдаты ад сваёй партыі). 

spring96.org