Панядзелак, 13 Студзень 2014

Віцебскія палітыкі распавялі пра свой удзел у мясцовых выбарах (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сярод прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці пануе аднадумства: сапраўдных выбараў у краіне няма. Тым ня менш большасьць палітычных партыяў і рухаў заявілі пра свой намер удзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы, якія адбудуцца 23 сакавіка. Інтэрнэт-газэта «Дыялёг» папрасіла вядомых у Віцебску апазыцыянэраў распавесьці пра тое, навошта яны ўдзельнічаюць у цяперашняй выбарчай кампаніі.

Аляксандар Кузьняцоў: «Мы ўдзельнічаем у выбарах, таму што мы – палітычная партыя. Гэта асноўная мэта палітычнай партыі – удзел у выбарах. Мы абавязкова будзем удзельнічаць і здымаць, як апошнім разам, кандыдатуры ня будзем. Спадзяемся на перамогу. Жыве Беларусь!»

Ірына Яскевіч: «Я ня першы раз удзельнічаю ў выбарах. І хачу сказаць, што, напэўна ж, некалі настане той час, калі ўсе мы з вамі зразумеем, што мы ўжо рабілі ўсё што можам. Патрэбна нешта рабіць на месцах. Шанцаў на перамогу амаль няма, але ёсьць магчымасьць размаўляць зь людзьмі, чуць іх і рабіць нейкія высновы – і ім, і нам».

Леанід Аўтухоў: «Я лічу, што тычыцца мясцовых выбараў, што на сёньняшні момант, улічваючы, якое склалася становішча ў краіне ўвогуле і ў апазыцыйных структурах, – няма сэнсу ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Таму што гэта тыя самыя граблі, на якія наступаем 20 гадоў. Адзінага кандыдата няма. Быў бы адзіны кандыдат – мела б сэнс ісьці. Як мага хутчэй трэба знайсьці, абраць, купіць, зрабіць адзінага і працягваць змаганьне за 2015-ы год».

Кастусь Смолікаў: «Наконт удзелу ці няўдзелу прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі ў выбарах, я адназначна за ўдзел. Трэба паказаць людзям, што ёсьць палітычныя сілы, якія маюць адрозны ад уладаў пункт гледжаньня на разьвіцьцё сытуацыі. Яны маюць людзей, якія будуць выпраўляць гэтую сытуацыю; яны маюць рэсурс, каб хадзіць па кватэрах, удзельнічаць у выбарах, вырабіць нармальную інфармацыйную прадукцыю, пастаяць у пікетах. Удзел – адназначна. Байкот на гэтых выбарах немагчымы з тае простае прычыны, што няма парогу яўкі. Прыйдзе тры выбаршчыкі на ўчастак для галасаваньня – і выбары адбыліся. Лепш заўсёды нешта рабіць, чымся не рабіць нічога».

Тацьцяна Севярынец: «У выбарах БХД удзельнічае дзеля таго, каб вырашыць шэраг мясцовых праблемаў – гэта па-першае. І па-другое – каб пазнаёміць выбаршчыкаў з такой партыяй як “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і, магчыма, далучыць людзей да нашай дзейнасьці; бо мы ўвесь час праяўляем актыўнасьць, вырашаем шэраг сацыяльных праблемаў, каб нейкія зьмены былі ў нашым грамадзтве для паляпшэньня жыцьця».

Алесь Галавань: «Я лічу, што мінулыя выбарчыя кампаніі паказалі немэтазгоднасьць удзелу ў выбарах з тактыкай байкоту. Што тычыцца ўдзелу ў цяперашняй выбарчай кампаніі, наш рух (рух “Маладая Беларусь” – рэд.) вырашыў прыняць удзел у ёй, каб данесьці свой пункт гледжаньня да людзей, і каб таксама паспрабаваць свае сілы ў фармаце выбарчай актыўнасьці, выбарчай дзейнасьці: нехта паспрабуе сябе ў якасьці кандыдата, нехта паспрабуе сябе як сябра ініцыятыўнай групы…»

Дыялёг