Цяпер ва Ўладзімера Правальскага, які хацеў стаць кандыдатам у дэпутаты абласнога Савету, таксама паўсталі праблемы з дакумэнтамі. Пра гэта распавёў сябра абласной выбарчай камісіі, кіраўнік абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка:
“Уладзімер Правальскі – пакуль адзіны, хто падаў скаргу на тое, што не зарэгістравалі яго ініцыятыўную групу. Ён кажа, што зьвяртаўся да сяброў камісіі, каб перагледзелі ягоныя дакумэнты і падказалі, калі нешта не так. І што нібыта ніякіх заўваг да яго не было. Але ініцыятыўную групу не зарэгістравалі менавіта празь недакладнасьці ў сабраных дакумэнтах. Я прапанаваў склікаць паседжаньне абласной камісіі і ўсё ж зарэгістраваць групу Правальскага – калі яму не далі ніякіх тлумачэньняў. Тым больш, што недакладнасьці там чыста “тэхнічныя”, не грунтоўныя. Але камісію з гэтай нагоды склікаць ня сталі”.
Пра тое, каб не зарэгістравалі ініцыятыўную групу кагосьці зь іншых дэмакратычных актывістаў на Віцебшчыне, зьвестак няма.
Паводле афіцыйнай інфармацыі з сайту аблваканкаму, на рэгістрацыю ініцыятыўных груп было пададзена 2 362 заявы, зарэгістравана 2 356 груп. Сярод заяўнікаў былі і сябры палітычных партыяў, якія вырашылі стварыць ініцыятыўныя групы і зьбіраць подпісы за сябе, не чакаючы вылучэньня ад партыйных суполак. 42 чалавекі пазначылі сваю партыйную прыналежнасьць, і найбольш масава прадстаўленымі аказаліся партыя левых “Справядлівы сьвет” (11 чалавек), КПБ (10 чалавек), партыя БНФ (9 чалавек).
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"