Аўторак, 26 Снежань 2017

Адвэнтысты распавялі віцебчукам пра Каляды

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У адрозьненьне ад вернікаў іншых хрысьціянскіх плыняў, адвэнтысты сёмага дня ў сваім календары ня маюць такога сьвята, як Раство. Прынамсі, так яны абвяшчаюць афіцыйна. Карэспандэнт «Віцебскай вясны» спраўдзіў, ці так гэта на практыцы, наведаўся ў адвэнтысцкую царкву і... акунуўся ў атмасфэру каляднага сьвята.

Цягам трох дзён, з 23 па 25 сьнежня, у сьценах Першай Віцебскай царквы хрысьціянаў адвэнтыстаў сёмага дня, што месьціцца на вуліцы Грыбаедава, праходзілі «Калядныя вечарыны». Такім спосабам вернікі гэтай пратэстанцкай канфэсіі скарысталіся з папулярнага сярод людзей сьвята, каб данесьці да іх эвангельскую вестку.

Кожная сустрэча была пазначаная уласнай назвай:

23 сьнежня – «Што здарылася на Раство?»
24 сьнежня – «Што тоіць гісторыя Раства?»
25 сьнежня – «Як адказаць на Раство?»

У распараджэньні Віцебскай царквы хрысьціянаў адвэнтыстаў сёмага дня ёсьць тры будынкі ў розных раёнах гораду. Сама ж грамада вядзе сваю гісторыю ад савецкіх часоў. Адвэнтызм ёсьць пратэстанцкай дэнамінацыяй, якая ўзьнікла ў 19 стагодзьдзі. На цяперашні момант мае звыш 20 мільёнаў пасьлядоўнікаў у 72 краінах сьвету.

На сустрэчу 25 сьнежня прыйшлі ня толькі самі вернікі, але і некалькі чалавек, якія не вызнаюць гэтую рэлігію, але якім было цікава папрысутнічаць на імпрэзе. Цягам гадзіны, а менавіта столькі працягвалася «Калядная вечарына», перад людзьмі выступіла трое прамоўцаў. Акрамя таго, перад кожным выступам і напрыканцы сустрэчы гучалі песьні ў выкананьні царкоўнага хору. Добрая музыка і прыгожыя галасы надавалі падзеі дадатковую ўрачыстасьць і стваралі сьвяточны настрой.

Асноўную частку ўрачыстасьці заняла казань пастара Яўгена Герасімава, які мае ступень доктара практычнага багаслоўя, а таксама магістра мастацтваў у галіне рэлігіі. Да Віцебску ён служыў у суполках Воршы і Полацку, а таксама ў расейскім горадзе Варонежы. У сваім пасланьні ён спрабаваў данесьці прысутным думку пра важнасьць хрысьціянскай веры і тыя каштоўнасьці, якія яна нясе, цытаваў Біблію, зьвяртаўся да падзеяў з жыцьця Хрыста.

Людзям было прыемна знаходзіцца на імпрэзе. Яны выпраменьвалі ўсьмешкі і дзяліліся сьвяточным настроем. Сустрэча завяршылася сьвяточным чаяваньнем.

Уладзімер Бяляўскі

2 камэнтары

  • Спасылка на Камэнтар Зьмітрок Аўторак, 26 Снежань 2017 Дадаў Зьмітрок

    Уладзимер, дык у чым адрозненні ад каталікоў, напрыклад, ці праваслаўных? Ці ёсць у адвэнтыстаў пост, споведзь і куцця на стале? :)

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Уладзiмiр Чацвер, 28 Снежань 2017 Дадаў Уладзiмiр

    Найбольш характэрныя адметныя рысы - вера ў блізкае Другое прышэсце Ісуса Хрыста, шанаванне суботы. Адвентысты прытрымліваюцца старазапаветных пастановаў аб забароненых відах прадуктаў харчавання. Так, нельга ўжываць у якім-небудзь выглядзе свініну, трусяціну, таксама некаторыя віды рыб, напрыклад сома, існуе поўная забарона на ўжыванне ў ежу крыві любых жывёл. Не рэкамендуецца вырабляць забароненыя прадукты харчавання ці ўдзельнічаць у іх продажы. У адвентызме вядзецца прапаганда вегетарыянства.

    Паскардзіцца